Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрсанальная унія двух дыктатараў. Наколькі камфортны для Лукашэнкі такі саюз з Масквой


Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Масква, 2024
Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка. Масква, 2024

Саюз Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабісты саюз, пэрсанальную ўнію Лукашэнкі і Пуціна. Саюз уладароў, як у Сярэднявеччы.

Іхныя перамовы адбываюцца часьцей за ўсё таемна. Ня толькі народы, але і дзяржаўныя інстытуты, іх кіраўнікі часта ня ў курсе таго, пра што дамаўляюцца лідэры.

Сьцісла:

  • Крэмль ставіць задачу ўмацоўваць саюз зь Беларусьсю па ўсіх кірунках. Дзеля гэтага ўсім расейскім высокім чыноўнікам загадана рэгулярна наведваць Менск. Таму зноў прыехаў Лаўроў.
  • Да 2020 году ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі і экспэртнай супольнасьці дамінавала ўяўленьне, што ў пэўным сэнсе Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца пасьлядоўным абаронцам беларускай незалежнасьці. Бо ён вельмі любіць уладу.
  • Аднак 2020 год усё радыкальна памяняў. У абмен на падтрымку Ўладзіміра Пуціна Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны аддаць Расеі значную частку сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пагадзіўшыся ў верасьні 2020 году на ўсе ўмовы, якія выставіў Пуцін, Лукашэнка разьлічваў, што зможа неяк адкруціцца ад іх выкананьня. Але не ўдалося, бо здарылася вайна,

Візыт Лаўрова

Цяперашні візыт у Беларусь міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова трохі дзіўны. Бо роля МЗС абедзьвюх краін у працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі невялікая. У асноўным супрацоўніцтва адбываецца па лініі іншых ведамстваў. Візыт двухдзённы. Хоць ніякіх асаблівых мерапрыемстваў не было, толькі перамовы з калегам Сяргеем Алейнікам ды яшчэ з Аляксандрам Лукашэнкам. Пры тым, што апошні рэгулярна сустракаецца з Уладзімірам Пуціным і яны падоўгу размаўляюць, у тым ліку на замежнапалітычныя тэмы.

Таму пытаньне, чаго прыяжджаў Лаўроў, застаецца адкрытым. Здаецца, галоўная вэрсія зводзіцца да таго, што Крэмль ставіць задачу ўмацоўваць саюз зь Беларусьсю па ўсіх кірунках. Дзеля гэтага ўсім расейскім высокім чыноўнікам загадана рэгулярна наведваць Менск, каб падтрымліваць і замацоўваць працэс. Тут вонкавая працэдура, рытуал важнейшы за зьмест перамоваў. І адных паездак расейскіх губэрнатараў недастаткова. Трэба, каб прыяжджалі і топ-чыноўнікі. Тым больш што цяпер міністру замежных спраў РФ і езьдзіць асабліва няма куды. Міжнародная ізаляцыя Расеі — гэта рэальнасьць.

Лукашэнка падчас сустрэчы з Лаўровым усяляк дзякаваў і дэманстраваў саюзьніцкую адданасьць: «У нас абсалютна ідэнтычны парадак дня. Мы выступаем па асноўных пытаньнях з адных і тых жа пазыцый. І заўсёды Расея можа разьлічваць на падтрымку Беларусі па тых пытаньнях, дзе мы яе здольныя аказаць. Яшчэ раз дзякую за тое, што вы заўсёды нам аказваеце адпаведную падтрымку».

Гэты візыт дае падставу паразважаць на тэму асаблівасьці цяперашніх дачыненьняў саюзьнікаў, самой прыроды гэтага хаўрусу, ступені залежнасьці Беларусі ад Расеі.

Лукашэнка — гарант сувэрэнітэту?

Да 2020 году ў асяродзьдзі беларускай апазыцыі і экспэртнай супольнасьці дамінавала ўяўленьне, што ў пэўным сэнсе Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца калі не гарантам, то пасьлядоўным абаронцам беларускай незалежнасьці. І такое ўяўленьне грунтавалася на тым, што ён вельмі любіць уладу. Прычым уладу абсалютную. Таму не захоча мяняць статус паўнаўладнага дыктатара незалежнай Беларусі на пасаду расейскага губэрнатара. І здасьць незалежнасьць Беларусі толькі ў выпадку, калі зьявіцца рэальны шанец узначаліць аб’яднаную беларуска-расейскую дзяржаву, надзець «шапку Манамаха» ў Крамлі. Такія надзеі існавалі ў другой палове 1990-х гадоў, калі на чале Расеі стаяў хворы і непапулярны Барыс Ельцын.

Вэрсія пацьвярджалася шматлікімі канфліктамі паміж Менскам і Масквой, у ходзе якіх Лукашэнка даволі жорстка адстойваў інтарэсы Беларусі ад расейскіх замахаў. Кульмінацыяй супрацьстаяньня стаў пэрыяд з канца 2018-га да сярэдзіны 2020 году, калі Расея настойвала на прыняцьці 31 «дарожнай мапы» інтэграцыі.

Існавала нават думка, што калі замест Лукашэнкі прэзыдэнтам стане нейкі іншы чыноўнік, то ня вытрымае ціску Масквы, здасьць сувэрэнітэт, бо ніхто іншы ня мае такой прагі да ўлады. Нават Зянон Пазьняк падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году выдаў сэнтэнцыю: лепш Лукашэнка, чым Бабарыка.

Што зьмянілася пасьля 2020 году?

Аднак 2020 год усё радыкальна памяняў. У абмен на падтрымку Ўладзіміра Пуціна Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны аддаць Расеі значную частку сувэрэнітэту Беларусі. Рэзкае павелічэньне залежнасьці ад РФ адбылося амаль ва ўсіх кірунках дзяржаўнай жыцьцядзейнасьці: эканоміцы (гандаль, энэргетыка, фінансы, лягістыка), вайсковай сфэры, замежнай палітыцы, інфармацыйна-ідэалягічнай прасторы. Многія замежныя ўрады, асабліва на Захадзе, сталі лічыць Беларусь і пэрсанальна Лукашэнку крамлёўскай марыянэткай. Многа разважаньняў пра расейскую акупацыю краіны. Ёсьць небясьпека, што найвышэйшая беларуская намэнклятура пачне слухаць сыгналы з Масквы больш уважліва, чым гэтага хацеў бы Лукашэнка.

Для самога беларускага ўладара такая сытуацыя даволі некамфортная. Невыпадкова ён пэрыядычна зьвяртаецца да тэмы сувэрэнітэту Беларусі, даказвае, што зь ім нібыта ўсё ў парадку. Але калі нешта даводзіцца ўвесь час даказваць, то відавочна, што ёсьць праблема.

Чаму ж 2020 год зьмяніў уяўленьне пра Лукашэнку як гаранта сувэрэнітэту? Здавалася б, адказ відавочны: у яго зьявіўся моцны канкурэнт, які прэтэндаваў на ўладу ў Беларусі. Гэта беларускі народ. Лукашэнка апынуўся перад дылемай: страціць усю ўладу ці захаваць яе частку, а другой часткай падзяліцца з кімсьці іншым у абмен на падтрымку. Гэтым іншым стала Масква.

А ці быў у Лукашэнкі інакшы варыянт захаваць уладу хоць бы ва ўрэзаным выглядзе? Так, быў: падзяліцца ўладай з народам. У разгар пратэстаў беларускае грамадзтва было гатовае на кампраміс.

Ці быў у Лукашэнкі выбар?

Але Лукашэнка выбраў іншы варыянт. Бо дзяліцца ўладай з народам — гэта не «па паняцьцях». Лукашэнка ў сваёй псыхалёгіі і сьветапоглядзе — клясычны сярэднявечны ўладар (князь, кароль). І, паводле ягоных уяўленьняў, саступіць плебсу — гэта ганебна. А вось падзяліцца ўладай з больш моцным манархам вялікага царства — гэта магчыма, гэта «па паняцьцях».

Таму саюз Беларусі і Расеі ўсё больш ператвараецца ў асабісты хаўрус, пэрсанальную унію Лукашэнкі і Пуціна. Хаўрус уладароў, як у Сярэднявеччы. Іхныя перамовы адбываюцца часьцей за ўсё таемна. Ня толькі народы, але і дзяржаўныя інстытуты, іх кіраўнікі часта ня ў курсе таго, аб чым дамаўляюцца лідэры.

Быў і яшчэ адзін чыньнік. Пагадзіўшыся ў верасьні 2020 году на ўсе ўмовы, якія выставіў Пуцін, Лукашэнка разьлічваў, што зможа неяк адкруціцца ад іх выкананьня. Сёе-тое ўдалося. Напрыклад, Лукашэнка адмовіўся ад абяцаньня правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары і пакінуць пасаду прэзыдэнта. І Пуцін цяпер на гэтым не настойвае. Магчыма, з часам удалося б аслабіць моцную хватку Крамля і ў іншых сфэрах. Аднак здарылася вайна, жорсткі геапалітычны канфлікт Расеі з Захадам. І ў такой сытуацыі ўхіліцца ад цеснага саюзу з Расеяй, як тое адбылося ў 2014-2020 гадах, не атрымалася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG