Паводле папярэдніх зьвестак выбарчай камісіі, ён набраў каля 55% галасоў, апярэдзіўшы кансэрватыўнага кандыдата Хорхе Кірогу.
Ужо перад другім турам выбараў было зразумела, што ў краіне завяршаецца амаль два дзесяцігодзьдзі кіраваньня левых палітыкаў — спачатку Эва Маралеса, а затым Люіса Арсэ. Абодва прадстаўлялі левую партыю МАС («Рух да сацыялізму») і ў апошнія гады канфліктавалі паміж сабой. У выніку Арсэ адмовіўся ад удзелу ў выбарах, а Маралес ня мог у іх удзельнічаць з-за канстытуцыйных абмежаваньняў.
58-гадовы Пас у выступленьні па выніках выбараў намякнуў на зьмену зьнешняй палітыкі Балівіі. Ён у прыватнасьці заявіў аб намеры «адкрыць Балівію сьвету» і аднавіць адносіны з ЗША. Таксама ад новага прэзыдэнта чакаюць эканамічных і інстытуцыйных рэформаў. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё яшчэ да другога туру выбараў адзначаў, што абодва кандыдаты хочуць палепшыць адносіны са Злучанымі Штатамі. У прыватнасьці Пас падрыхтаваў пляны прыцягненьня амэрыканскіх інвэстыцый на суму 1,5 мільярда долараў.
Зьмена ўлады ў Балівіі адбываецца на фоне рэзкага абвастрэньня адносін паміж іншай паўднёваамэрыканскай краінай — Калюмбіяй, дзе ва ўладзе левы ўрад, і ЗША. У панядзелак стала вядома аб адкліканьні калюмбійскага амбасадара з Вашынгтона — пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў калюмбійскага прэзыдэнта Густава Пэтра ў дапамозе гандлю наркотыкамі. Раней ЗША адклікалі візу Пэтра пасьля таго, як ён на прапалестынскім мітынгу ў Нью-Ёрку заклікаў вайскоўцаў ЗША не падпарадкоўвацца загадам Трампа.
Форум