Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПІК Свабоды»: Раскол у Каардынацыйнай радзе: барацьба за сымбалічную ўладу. Тлумачэньне экспэрткі


Леся Руднік, каляж
Леся Руднік, каляж

Чаму канфлікт у Каардынацыйнай радзе выклікаў такія жарсьці ў апазыцыйным асяродзьдзі? Якую пазыцыю ў гэтым супрацьстаяньні заняла Ціханоўская? Як можа вырашыцца канфлікт?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказвае паліталягіня, дырэктарка «Цэнтру новых ідэяў» Леся Руднік.

— У Каардынацыйнай радзе новага скліканьня — востры канфлікт. Кааліцыя большасьці на чале з Паўлам Латушкам правяла рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня ранейшага статуту Рады. Апанэнты кааліцыі — «Блёк Пракоп’ева-Ягорава» і «Наша справа» — заяўляюць, што рашэньне большасьці ня мае сілы, бо не было належнага кворуму. Ня будзем заглыбляцца ў юрыдычны бок спрэчкі, пагаворым пра палітычны. Чаму ўзьнік гэты канфлікт?

— Я асабіста ня бачу праблемы ў тым, што ў некаторых людзей ёсьць прага да ўлады. Палітычныя канфлікты — нармальная зьява для многіх краінаў. Але каб гэтая барацьба была цывілізаваная, павінны быць усталяваныя пэўныя межы. Калі гэтага няма, канфлікты разрастаюцца і падрываюць працу палітычных органаў, вядуць да ўнутраных падзелаў, якія звонку выглядаюць штучнымі і неадэкватнымі. Мы з калегамі два гады таму вывучалі досьвед многіх урадаў у выгнаньні. І заўважылі, што тыя ўрады ў выгнаньні, дзе ёсьць усталяваныя лягічныя дэмакратычныя працэдуры, нашмат больш устойлівыя і лепш пераадольваюць унутраныя канфлікты. Беларускую сытуацыю ўскладняе той чыньнік, што мы маем справу з органам, які нельга назваць паўнапраўным парлямэнтам, які мае рэальную ўладу.

— Ці ў тым уся прычына канфлікту, каб чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і Аліна Коўшык маглі сумяшчаць гэтыя пасады зь месцамі ў Каардынацыйнай радзе? Карэкцыя рэглямэнту Рады робіцца адно дзеля гэтага?

— Так, выглядае, што яны абое хочуць працаваць у абедзьвюх структурах. Нехта выступае катэгарычна супраць, спасылаючыся на рэглямэнт. Безумоўна, гэта важная, калі не адзіная прычына канфлікту.

— Чаму ён выклікаў такія жарсьці, рэзкія ўзаемныя абвінавачаньні?

— Шмат людзей упершыню прыйшлі ў палітыку. А ў ёй дзейнічаюць свае правілы. Пры няпэўных працэдурах і пры адсутнасьці досьведу вельмі часта ўзьнікаюць канфлікты. Такія жарсьці насамрэч віруюць у палітыцы ў многіх краінах. Мы часта на іх не зьвяртаем увагі. Бо органы ўлады, парлямэнты розных краінаў ня надта схільныя трансьляваць вонкі свае канфлікты і звады. Але ў іншых краінах гэтыя вострыя канфлікты ня так часта тычацца працэдураў, правілаў. А ў выпадку цяперашняга супрацьстаяньня ў КР справа якраз у інтэрпрэтацыі працэдураў.

— У вонкавага назіральніка, напэўна, узьнікае пытаньне: а што гэтыя людзі дзеляць? Улада Каардынацыйнай рады не распаўсюджваецца на ніводзін квадратны сантымэтар тэрыторыі Беларусі. Дый для замежжа ніякіх законаў, абавязковых для каго б там ні было, Рада прымаць ня можа. Дык якую ўладу ў гэтым канфлікце дзеляць?

— Вы зыходзіце з вузкага вызначэньня ўлады. У больш шырокім сэнсе ўлада — гэта магчымасьць фармаваць грамадзкую думку, гэта ўплыў на міжнародны парадак дня. І менавіта пра гэта часта гавораць дэмакратычныя сілы Беларусі — і офіс Ціханоўскай, і АПК, і КР. Той канфлікт, які мы назіраем, — гэта барацьба за сымбалічную ўладу. І ў пэўны момант, пры зьмене сытуацыі ў Беларусі, гэтая сымбалічная ўлада можа стаць рэальнай.

— Якую пазыцыю заняла ў гэтым канфлікце Сьвятлана Ціханоўская? Латушка і Коўшык — чальцы кабінэту, якіх прызначыла яна. Але да першага (ці, паводле Латушкі, — ніякага) пасяджэньня новай Рады Ціханоўская зьвярнулася з прывітаньнем. Пры тым, што сьпісы большасьці, у прыватнасьці Латушкі і Коўшык, гэтае пасяджэньне дэманстратыўна ігнаравалі. Дык якая пазыцыя Ціханоўскай у гэтым пытаньні?

— Для Ціханоўскай варта паказваць чальцам КР, што яна іх падтрымлівае. Але выглядае, што яна пры гэтым трымае дыстанцыю ад Рады. Актыўны яе ўдзел ва ўнутраных справах Рады мог бы паставіць пад пытаньне незалежнасьць Рады ад офісу Ціханоўскай. І калі з Радай нешта пойдзе ня так, ангажаванасьць дэмакратычнай лідэркі ва ўнутраныя справы КР пашкодзіла б яе аўтарытэту. Не выключаю, што ў канфідэнцыйных стасунках яна больш ангажаваная, але зьнешне яна ад гэтых спрэчак дыстанцыяваная.

— На думку некаторых назіральнікаў, цяперашні канфлікт у КР — этап навучаньня палітыцы і дэмакратыі, можа, нават непазьбежны і карысны. Вы пагаджаецеся?

— У іншых краінах палітычныя канфлікты часьцей узьнікаюць усё ж у межах працэдураў, а не наконт іх. У прынцыпе, так — сапраўдная дэмакратыя немагчымая без дыскусіяў, інакш гэта нагадвала б Усебеларускі народны сход. Наўрад ці звычайныя беларусы надта пільна сочаць за спрэчкамі ў КР. І звонку для многіх гэты канфлікт выглядае недарэчным.

— Як можа вырашыцца гэты канфлікт і як ён, на вашу думку, будзе вырашаны? Як горка жартуюць некаторыя: у нас усяго па два — цяпер і дзьве Каардынацыйныя рады будуць. Гэтым і скончыцца?

— Я думаю, што мы будзем назіраць нейкія канфлікты ўвесь час. Я ня думаю, што ў нас абавязкова паўстануць дзьве Каардынацыйныя рады. Найбольш імаверны сцэнар — гэта сыход часткі дэлегатаў Рады зь яе складу. Гэта, дарэчы, лепш, чым падзел на дзьве Рады.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG