Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьлінай наступнага году ў Беларусі абралі верас


Канкурэнцыю яму складалі лугавая канюшына і звычайны дуб. Але беларусы прагаласавалі за верас.

Верас — невялікі вечназялёны куст. Ён паціху расьце і доўга жыве — да 40-50 гадоў.

Верас любіць сухія пяскі, тарфяныя балоты і хвойнікі. Цікава, што на балоце ён спажывае столькі ж вады, колькі на пясках — гэта называецца «фізыялягічная сухасьць».

У Беларусі верас часта ўтварае вялікія верасоўнікі, асабліва прыгожыя падчас цьвіценьня — у верасьні.

Позьні верасовы нэктар дапамагае пчолам падрыхтавацца да зімы. А верасовы мёд — густы, духмяны, з гаркаватым смакам і цёмным колерам, паведаміў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук.

Верас здаўна вядомы як лекавая расьліна.

Нечакана, — але ягонаму распаўсюджваньню спрыяюць ня дужа моцныя пажары.

Адзін з найвядомейшых беларускіх ансамбляў меў назву «Верасы».

Знаная беларуская пісьменьніца Людвіка Сівіцкая ўзяла сабе псэўданім Зоська Верас.

А колькі верасу ў беларускай літаратуры — не зьлічыць. Вось толькі некалькі прыкладаў.

Цярэбіць стальнаю сякерай
Прыблуднік нашыя лясы,
Ў свае цянёты вабіць зьвера,
Сьвятыя топча верасы.
(Янка Купала. «Дзе хмары чэзьлі»)

Не шасьцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог плясты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
(Янка Купала. «Адцьвітаньне»)

О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асьвяці мне ўсьмешкай
Апошнія дні ў жыцьці.
Ты маўчыш?
Ты ня чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагодзьдзі
З разьбітага сэрца расьці.
(Уладзімір Караткевіч. «Паўлюк Багрым»)

Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляваньне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе сьвет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Зьлітуйся з нас, Божа!
(Уладзімір Караткевіч. «Дзікае паляваньне караля Стаха»)

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG