У аўтамабілі і прычэпе памежнікі выявілі два квадракоптэры і пульты кіраваньня да іх, 18 акумулятарных батарэй, ноўтбук і радыёстанцыю, а таксама «таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці».
«Адзін з затрыманых прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, — сьцьвярджае Дзяржаўны памежны камітэт. — Мужчына незаконна вырабляў бесьпілётныя лятальныя апараты. Другі зламысьнік неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы».
Пры аглядзе месцаў пражываньня мужчын выявілі майстэрню для саматужнага вырабу бесьпілётнікаў, у якой было пяць радыёстанцый, ноўтбукі, розныя мікрасхемы, гарнітуры, антэны, GPS-трэкеры, акумулятары да бесьпілётнікаў і зарадныя прылады, а таксама «прадмет, падобны да пнэўматычнага пісталета».
Супрацоўнікі Горадзенскай памежнай групы вынялі ўсё знойдзенае. Пачалі адміністрацыйны працэс за «спробу незаконнага перасячэньня мяжы і парушэньне памежнага рэжыму».
За «незаконнае ўтрыманьне і выкарыстаньне бесьпілётнікаў у памежнай зоне» прадугледжаная адказнасьць па арт. 24.19 КаАП, санкцыя — штраф да 50 базавых велічыняў (2000 рублёў).
- У канцы траўня Дзяржпамежкамітэт заявіў аб затрыманьні экс-байца Францускага легіёна, які зьбіраў бесьпілётнікі для кантрабандыстаў.
- 19 траўня ў Воранаўскім раёне (Горадзенская вобласьць) за 10 км ад мяжы зь Літвой памежнікі затрымалі аўтамабіль зь беларускім грамадзянінам за рулём. У машыне знайшлі бесьпілётны лятальны апарат самалётнага тыпу з двума прыстасаваньнямі для яго запуску, тры акумулятарныя батарэі да яго, антэну, ноўтбук.
- У красавіку Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў аб трох выпадках незаконнага выкарыстаньня дронаў у памежжы, агулам затрымалі шэсьць чалавек.
- 1 красавіка набыў моц указ № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплюатацыі грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў». Дакумэнт забараніў увоз, захоўваньне, абарот, эксплуатацыю і выраб бесьпілётнікаў і выкарыстаньне імі паветранай прасторы Беларусі без належнага дазволу.
- У выніку атакі БПЛА 26 лютага 2023 году ў Мачулішчах (Менскі раён) атрымаў пашкоджаньні і быў транспартаваны на рамонт у Расею дарагі расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50.
- 7 сакавіка таго ж году, тлумачачы прычыны дывэрсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, Лукашэнка заявіў, што сыстэмы СПА не змаглі выявіць робат з выбухоўкай, бо ён быў «маленькі».
Форум