Падчас атакі ізраільскай арміі на Рафах у ноч на 27 траўня, па дадзеных Міністэрства здароўя сэктару Газа, падкантрольнага групоўцы ХАМАС (прызнанай тэрарыстычнай ЭЗ і ЗША), загінулі ня меней за 45 чалавек і сотні былі параненыя.
Нэтаньягу не ўдакладніў прычыны памылкі. Ізраільскія вайскоўцы першапачаткова заявілі, што нанесьлі дакладны авіяўдар па комплексу ХАМАС, забіўшы двух высокапастаўленых членаў групоўкі. Калі сталі вядомыя падрабязнасьці ўдару і пажару, які адбыўся пасьля яго, вайскоўцы заявілі, што пачалі расьсьледаваньне гібелі мірных жыхароў.
Ізраільскі ўдар па Рафаху выклікаў асуджэньне міжнароднай супольнасьці, у прыватнасьці гуманітарных арганізацый, ААН і ЭЗ. Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што Ізраіль павінен паважаць рашэньне суду ААН, які абавязаў спыніць атаку на Рафах.
Рада Бясьпекі ААН склікала экстраннае пасяджэньне 28 траўня, паведамляе AFP. Гэта было зроблена на просьбу Альжыра, які цяпер зьяўляецца непастаянным чальцом Рады Бясьпекі.
Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША назвала «разбуральныя кадры» ўдару па Рафаху «варʼяцтвам». У яе заяве гаворыцца, што ЗША працуюць з ізраільскімі вайскоўцамі і іншымі арганізацыямі, каб ацаніць тое, што адбылося.
Ізраіль і ЗША неаднаразова заяўлялі, што прадстаўнікі групоўкі ХАМАС часта хаваюцца ў будынках, дзе сканцэнтраванае палестынскае мірнае насельніцтва.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што ўдар грунтаваўся на «дакладных дадзеных выведкі» і забіў начальніка штабу ХАМАС і яшчэ аднаго дзеяча ХАМАС, адказнага за сьмяротныя напады на ізраільцян.
Удар быў нанесены пасьля таго, як ізраільскія сілы перахапілі восем ракет, выпушчаных па Ізраілі з раёну Рафах на поўдні Газы.
Сусьветныя лідэры раскрытыкавалі ізраільскі ўдар і заклікалі выканаць рашэньне суду ААН, паводле якога Ізраіль павінен спыніць атакі на Рафах.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон быў больш рэзкім, запатрабаваўшы ад Ізраіля спыніць гэтыя апэрацыі.
«У Рафаху няма бясьпечных раёнаў для мірных жыхароў. Я заклікаю да поўнага захаваньня міжнароднага права і неадкладнага спыненьня агню», — напісаў Макрон у сацыяльнай сетцы X.
Катар, ключавы пасярэднік у намаганьнях забясьпечыць спыненьне агню і вызваленьне закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ХАМАС, заявіў, што ўдар па Рафаху можа «ўскладніць» перамовы, якія ўжо зайшлі ў тупік з прычыны патрабаваньняў ХАМАС аб вывадзе ізраільскіх сіл. Гэтыя ўмовы былі паўсюдна адхіленыя ізраільскімі лідэрамі.
Ізраіль заяўляе, што робіць усё магчымае, каб выконваць законы вайны, але сутыкаецца з няўхільным ворагам, які дзейнічае ў цывільных раёнах сэктара Газа і адмаўляецца безумоўна вызваліць ізраільскіх закладнікаў.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум