«Мы з вялікім болем успрынялі апошнія навіны зь Ірану. Гэта незаменная страта не толькі для іранскага грамадзтва. З жыцьця пайшлі сапраўдныя сябры Беларусі. Шчырыя спачуваньні родным і блізкім загінуўшых, стойкасьці і мужнасьці ўсяму народу Ірана», — цытуе БелТА паведамленьне МЗС.
Аляксандар Лукашэнка выказаў спачуваньне вярхоўнаму лідэру Ірану Алі Хамэнэі.
«Прэзыдэнт Ібрагім Раісі застанецца ў гісторыі як мудры лідэр, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў самаадданаму і бескарысьліваму служэньню іранскаму народу. Я назаўжды захаваю самыя цёплыя ўспаміны аб сустрэчах і размовах са спадаром прэзыдэнтам, які быў сапраўдным сябрам Беларусі і шмат клапаціўся аб разьвіцьці беларуска-іранскага супрацоўніцтва» – адзначыў Лукашэнка ў сваім пасланьні.
Раней віцэ-прэзыдэнт Ірана Махсэн Мансуры пацьвердзіў паведамленьні аб гібелі прэзыдэнта Раісі ў выніку катастрофы верталёта.
Акрамя Раісі, на борце верталёта знаходзіўся джума-імам Тэбрызу аятала Але-Хашэм, міністар замежных спраў Хусэйн Амір-Абдулах’ян, губэрнатар Усходняга Азэрбайджану Малік Рахмаці і яшчэ некалькі чалавек.
Верталёт Раісі «зрабіў цьвёрдую пасадку» ў горнай мясцовасьці ля горада Варзаган недалёка ад ірана-азэрбайджанскай мяжы 19 траўня. Раісі вяртаўся з іранскай правінцыі Ўсходні Азэрбайджан на мяжы з Азэрбайджанам, дзе яны з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым удзельнічалі ў цырымоніі адкрыцьця дамбы на рацэ Аракс.
Раісі перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Іране ў 2021 годзе. Яго называлі прыхільнікам жорсткай лініі ў сыстэме ўлады ў Іране, раней ён займаў пасаду міністра юстыцыі. Ён лічыўся пратэжэ вярхоўнага лідэра Ірана, аяталы Алі Хамэнэі, і, паводле назіральнікаў, мог стаць яго пераемнікам.
Летась Аляксандар Лукашэнка быў зь візытам у Іране, дзе сустракаўся з прэзыдэнтам Раісі. Тады па выніках перамоваў у Тэгеране з Лукашэнкам іранскі прэзыдэнт заявіў, што Іран гатовы падзяліцца зь Беларусьсю сваім досьведам супрацьстаяньня санкцыям.
Форум