Афіцыйны Менск выказаўся няпэўна і двухсэнсоўна. Дзеля таго, каб зразумець, чаму пазыцыя афіцыйнага Менску такая, варта прыгадаць, якія палітычныя стасункі мела і мае Беларусь з краінамі Блізкага Ўсходу.
Да Блізкага Ўсходу традыцыйна адносяць 18 дзяржаваў, у тым ліку і Палестынскую аўтаномію.
У першай частцы нашага агляду мы апісалі, якімі былі гандлёвыя сувязі Беларусі з краінамі рэгіёну ў 2014–2021 гадах.
Цяпер — пра палітычныя адносіны. Гэта сфэра мае шмат чыньнікаў, таму абмяжуемся хоць і фармальнымі, але значнымі індыкатарамі гэтых стасункаў — узроўнем дыпляматычнай прысутнасьці і частатой узаемных візытаў Аляксандра Лукашэнкі і лідэраў краінаў рэгіёну.
Турэччына
Сталіца — Анкара.
Як паведамляе сайт амбасады Беларусі ў Турэччыне, гэтая краіна першай у сьвеце прызнала незалежную Беларусь. Гэта адбылося 16 сьнежня 1991 году.
Амбасада Турэччыны ў Менску адкрылася ў 1992 годзе, амбасада Беларусі ў Анкары — у 1997 годзе.
Амбасадар Беларусі ў Турэччыне — Віктар Рыбак.
Генэральнае консульства Беларусі ў Турэччыне: Стамбул.
Амбасадар Турэччыны ў Беларусі — Мустафа Эзджан.
- Аляксандар Лукашэнка наведваў Турэччыну з афіцыйнымі візытамі ў 1996, 2010 і 2019 гадах. У лістападзе 2016 году адбыўся афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
- Лукашэнка таксама сустракаўся з Эрдаганам на міжнародных форумах у 2016 і 2019 гадах.
- У жніўні 2020 году Эрдаган павіншаваў Лукашэнку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.
- Кіраўнікі ўраду Беларусі наведвалі Турэччыну ў 2014 і 2015 гадах, турэцкі прэм’ер наведваў Беларусь у 2018 годзе.
Кіпр
Сталіца — Нікасія.
Амбасадар Беларусі на Кіпры — Аляксандар Лукашэвіч (да сакавіка 2022 году), амбасадар у Баўгарыі, па сумяшчальніцтве — у Грэцыі і на Кіпры.
У Менску ёсьць ганаровае генэральнае консульства Кіпру. Ганаровы генэральны консул — Дэмасфэніс Хрысаміляс.
- На сайце амбасады Беларусі ў Баўгарыі адзначаецца, што «беларуска-кіпрскія адносіны вызначаюцца ў цэлым невысокай дынамікай».
- Палітычныя кантакты Менску і Нікасіі не вышэйшыя за ўзровень міністраў замежных справаў.
- У 2021 годзе абʼём непасрэдных інвэстыцыяў з Кіпра ў Беларусь склаў 1,16 млрд даляраў.
Абʼяднаныя Арабскія Эміраты
Сталіца — Абу-Дабі.
Амбасада Беларусі ў ААЭ адкрытая ў 1999 годзе, амбасада ААЭ ў Менску — у 2008 годзе.
Амбасадар Беларусі ў ААЭ — Андрэй Лучанок (па сумяшчальніцтве таксама амбасадар у Бахрэйне, Кувэйце і Саудаўскай Арабіі).
У 2013–2018 гадах амбасадарам Беларусі ў ААЭ быў Раман Галоўчанка, з 2020 году — прэмʼер-міністар Беларусі.
Дзейнічае генэральнае консульства Беларусі ў Дубаі.
Амбасадар ААЭ ў Беларусі — Ібрагім Салім Мухамад аль-Мушарах, уручыў даверчыя лісты Лукашэнку 11 траўня 2022 году.
- Лукашэнка двойчы ажыцьцяўляў афіцыйныя візыты ў ААЭ — у 2000 і 2007 гадах. Акрамя таго, ён наведваў Эміраты таксама з рабочымі візытамі ў 2013, 2014, 2016, 2017, 2019 и 2023 гадах.
- У 2019 годзе Беларусь наведаў зь візытам насьледны прынц Абу-Дабі, намесьнік галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі ААЭ, шэйх Мухамад ібн Заід аль-Нагаян.
- Паміж Беларусьсю і ААЭ дзейнічае двухбаковае пагадненьне аб узаемных бязьвізавых паездках грамадзянаў.
Ізраіль
Сталіца — Ерусалім.
Амбасада Беларусі ў Ізраілі адкрылася ў жніўні 1992 году, амбасада Ізраіля ў Беларусі — у кастрычніку 1993 году (прыпыніла працу ў жніўні 2003 году, аднавіла — увесну 2004 году).
Амбасадар Беларусі ў Ізраілі — Яўген Варабʼёў.
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі — Цьві Міркін, уручыў Лукашэнку даверчыя лісты ў ліпені 2022 году.
- Лукашэнка наведваў Ізраіль у 2000 годзе ў межах сьвяткаваньня «Бэтлеем-2000».
- У 1993 годзе Беларусь зь неафіцыйнымі візытамі наведвалі прэмʼер-міністар Ізраілю Іцхак Шамір, у 1998 годзе — міністар замежных справаў Ізраілю, ураджэнец Беларусі Шымон Пэрэс (у 2007–2014 гадах — прэзыдэнт Ізраіля).
- У лістападзе 2015 году было падпісанае пагадненьне паміж Беларусьсю і Ізраілем аб адмене візаў.
- Існуе супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі дзьвюх краінаў — Берасьцем і Ашдодам, Віцебскам і Рышон-ле-Цыёнам, Горадняй і Ашкелонам, Глыбокім і Кірʼят-Бялікам.
Эгіпет
Сталіца — Каір.
Амбасада Беларусі ў Эгіпце была адкрытая ў жніўні 1997 году
Амбасадар Беларусі ў Эгіпце — Сяргей Цярэнцьеў (па сумяшчальніцтве ў Амане і Судане).
Амбасадар Эгіпту ў Беларусі — Назіх Алі Бахаэльдзін Эльнаджары (амбасадар Эгіпту ў Расеі, па сумяшчальніцтве ў Беларусі)
- Аляксандар Лукашэнка наведваў зь візытамі Эгіпет у 1998, 2017 і 2020 гадах. Два апошнія візыты адбываліся пасьля эгіпецкай рэвалюцыі, калі да ўлады прыйшоў фэльдмаршал Абдэль Фатах ас-Сісі, які ў выніку вайсковага перавароту зрынуў прэзыдэнта Мухамада Мурсі.
- У чэрвені 2019 году адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносінаў візыт у Беларусь прэзыдэнта Эгіпту ас-Сісі. Падчас перемоваў зь ім у Менску абмяркоўвалася пэрспэктыва адкрыцьця эгіпецкай амбасады ў Беларусі, аднак яе няма дагэтуль.
Іран
Сталіца — Тэгеран.
Амбасада Беларусі ў Іране была адкрытая ў 1998 годзе, амбасада Ірану ў Беларусі — у 2001 годзе.
Амбасадар Беларусі ў Іране — Дзьмітры Кальцоў.
Амбасадар Ірану ў Беларусі — Алірэза Санеі.
- Лукашэнка тройчы наведваў Іран — у 1998, 2006 і ў 2023 гадах. У 2004 годзе Менск наведаў прэзыдэнт Ірану Махамад Хатамі, у 2007 годзе — Махмуд Ахмадзінэжад.
- У 2015 годзе Лукашэнка сустракаўся з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані на саміце BRICS і ШАС, зь ім жа — на саміце ШАС у 2018 годзе, і ў 2019 годзе — на саміце Расеі, Турэччыны і Ірану аб крызісе ў Сырыі.
- У 2021 годзе Лукашэнка на саміце ШАС сустрэўся з новым прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі. Мяркуецца, што налета Раісі наведае зь візытам Беларусь.
- У кастрычніку 2023 году адбыўся візыт у Беларусь першага віцэ-прэзыдэнта Ірану Махамада Махбэра.
Саудаўская Арабія
Сталіца — Эр-Рыяд.
Амбасадар Беларусі ў Саудаўскай Арабіі — Андрэй Лучанок (амбасадар у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, у Саудаўскай Арабіі — па сумяшчальніцтве).
Амбасадар Саудаўскай Арабіі ў Беларусі — Абдурахман Сулейман аль-Ахмэд (амбасадар Саудаўскай Арабіі ў Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
- Міжурадавыя кантакты паміж Беларусьсю і Саудаўскай Арабіяй ажыцьцяўляліся на міністэрскім узроўні.
Лібан
Сталіца — Бэйрут.
Амбасадар Беларусі ў Лібане — Юры Слука (амбасадар у Сырыі, у Лібане — па сумяшчальніцтве).
З 2002 году ў Лібане дзейнічае ганаровае консульства Беларусі, ганаровы консул — Элі Саркіс.
Амбасадар Лібану ў Беларусі — Шаўкі Бу Насар (амбасадар Лібану ў Расеі, у Беларусі па сумяшчальніцтве).
З 2005 году дзейнічае ганаровае консульства Лібану ў Беларусі, ганаровы консул — Гефара Алі Сьлім.
- Лукашэнка наведваў Лібан у 2005 годзе. Ягоны візыт у Бэйрут быў у адказ на візыт прэзыдэнта Лібану Эміля Лахуда ў Беларусь у 2004 годзе.
Сырыя
Сталіца — Дамаск.
Амбасада Беларусі ў Сырыі дзейнічае з 1998 году, амбасада Сырыі ў Беларусі — з 2007 году.
Амбасадар Беларусі ў Сырыі — Юры Слука, па сумяшчальніцтве амбасадар у Лібане і Ярданіі.
Амбасадар Сырыі ў Беларусі — Махамад аль-Умрані, ён уручыў даверчыя лісты Лукашэнку ў лістападзе 2020 году.
- У 1998 і 2003 гадах Лукашэнка сустракаўся ў Дамаску з прэзыдэнтам Сырыі Хафэзам Асадам, якога ён называў сваім «першым сябрам у мусульманскім сьвеце і наагул на Ўсходзе».
- У 2013 годзе яшчэ адзін візыт Лукашэнкі ў Сырыю і сустрэча з новым кіраўніком краіны Башарам Асадам, сынам Хафэза Асада.
- У 2010 годзе адбыўся візыт у Беларусь прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Судан
Сталіца — Хартум.
Амбасада Судану адкрытая ў Менску ў 2007 годзе.
Амбасадар Беларусі ў Судане — Сяргей Цярэнцьеў (амбасадар у Эгіпце, у Судане — па сумяшчальніцтве).
Ганаровым консулам Беларусі ў Судане зьяўляецца Мухамад Ісмаіл Мухамад, прэзыдэнт групы кампаній «MIG».
Амбасадар Судана ў Беларусі — Мухамад Омар Муса Алі.
- У 2017 годзе Лукашэнка наведваў Судан з афіцыйным візытам.
- Прэзыдэнт Судану Амар Хасан Ахмэд аль-Башыр наведваў Беларусь з афіцыйнымі візытамі двойчы — у 2004 і 2018 гадах.
- У 2019 годзе аль-Башыр быў адхілены ад улады ў выніку вайсковага перавароту і арыштаваны.
- Новыя ўлады краіны пагадзіліся перадаць экс-прэзыдэнта ў Міжнародны суд у Гаазе для выстаўленьня абвінавачаньня ў злачынствах супраць чалавечнасьці.
Ірак
Сталіца — Багдад.
Амбасадар Беларусі ў Іраку — Віктар Рыбак (амбасадар Беларусі ў Турэччыне, у Іраку па сумяшчальніцтве).
Амбасада Іраку ў Беларусі адкрылася ў 2010 годзе, у 2017 годзе яе праца была часова прыпыненая.
- У 2021 годзе Лукашэнка назваў вялікімі мысьлярамі былога ірацкага лідэра Садама Хусэйна і былога лібійскага кіраўніка Муамара Кадафі.
Ярданія
Сталіца — Аман.
Амбасадар Беларусі ў Ярданіі — Юры Слука (амбасадар Беларусі ў Сырыі, у Ярданіі — па сумяшчальніцтве).
Амбасадар Ярданіі ў Беларусі — Халід Абдула Шавабка (амбасадар Ярданіі ў Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
Емэн
Сталіца — Сана.
Амбасадар Емэну ў Беларусі Ахмэд Салем аль-Вахейшы (амбасадар Емэну ў Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
У 2019 годзе, прымаючы даверчыя лісты ў новага амбасадара Емэну ў Беларусі, Лукашэнка сказаў: «На жаль, кантакты паміж нашымі краінамі былі замарожаныя з прычыны рэзкага пагаршэньня ваенна-палітычнай сытуацыі».
У Емэне з 2014 году працягваецца поўнамаштабная грамадзянская вайна.
Катар
Сталіца — Доха.
З 2014 году працуе амбасада Беларусі ў Катары, амбасада Катару функцыянуе ў Менску з 2019 году.
Амбасадар Беларусі ў Катары — Аляксей Малафей, часовы павераны ў справах Беларусі ў Катары
Амбасадар Катару ў Беларусі — Мэшааль Аль-Атыя, часовы павераны ў справах Катару ў Беларусі.
- Лукашэнка наведваў Катар у 2001, 2011 і 2016 гадах. Эмір Катару шэйх Хамад аль-Тані быў у Беларусі зь візытам у 2009 годзе.
- Насьледны прынц Катару шэйх Тамім ібн Хамад аль-Тані (цяпер кіраўнік дзяржавы) наведваў зь неафіцыйнымі візытамі ў 2009 і 2010 гадах.
- У 2016 і 2022 гадах адбыліся сустрэчы Лукашэнкі на міжнародных форумах з эмірам Катару шэйхам Тамімам ібн Хамадам аль-Тані.
Палестынская аўтаномія
Амбасадар Палестыны ў Беларусі — Ахмад Мухамад аль-Мадбух.
У 2000 годзе Лукашэнка падчас паездкі на сьвяткаваньне 2000-годзьдзя хрысьціянства наведаў Ізраіль і Палестынскую аўтаномію.
Кувэйт
Сталіца — Эль-Кувэйт.
Амбасадар Беларусі ў Кувэйце — Андрэй Лучанок (амбасадар Беларусі ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, у Кувэйце — па сумяшчальніцтве).
Амбасадар Кувэйту ў Беларусі — Абдулазіз Аль-Адвані (амбасадар Кувэйту ў Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
- Лукашэнка наведваў Кувэйт з афіцыйным візытам у 2002 і ў 2022 годзе.
Аман
Сталіца — Маскат.
Амбасадар Беларусі ў Амане — Сяргей Цярэнцьеў (амбасадар Беларусі ў Эгіпце, у Амане — па сумяшчальніцтве).
Амбасадар Аману ў Беларусі — Хамуд ібн Салім ібн Абдула Алтавая (амбасадар Аману ў Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
- Лукашэнка быў з афіцыйным візытам у Амане ў 2007 годзе.
Бахрэйн
Сталіца — Манама.
Амбасадар Беларусі ў Бахрэйне — Андрэй Лучанок (амбасадар у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, у Бахрэйне — па сумяшчальніцтве).
Амбасадар Бахрэйна ў Беларусі — Ахмэд Абдулрахман Махмуд Аль-Сааці (амбасадар Бахрэйнц у Расеі, у Беларусі — па сумяшчальніцтве).
- Лукашэнка наведаў Бахрэйн з афіцыйным візытам у 2002 годзе.
Ці ёсьць сувязь паміж шчыльнасьцю эканамічных і адносін стасункаў
Параўнаньне прыведзеных зьвестак з памерамі гандлёвага абарачэньня з краінамі Блізкага Ўсходу, выкладзенымі ў першай частцы агляду, паказвае, што сувязь паміж шчыльнасьцю эканамічных і палітычных стасункаў існуе, але яна не прамая.
Чэмпіён паводле частаты візытаў Лукашэнкі — Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. Лукашэнка наведваў гэтую краіну 8 разоў, летась нават двойчы. Здаецца, часьцей ня толькі ў рэгіёне, але і ў сьвеце ён бывае толькі ў Расеі. Аднак у памеры ўзаемнага гандлю зь Беларусьсю ААЭ на пачэсным, але толькі трэцім месцы.
І на напад ХАМАС на Ізраіль ААЭ адрэагавалі больш рэзка і пэўна, чым Беларусь, асудзіўшы нападнікаў.
У той жа час з другім паводле вагі эканамічным партнэрам у рэгіёне, з Кіпрам, у Беларусі вельмі сьціплыя палітычныя сувязі, Лукашэнка там ніколі ня быў. Беларусь там прадстаўляе амбасадар па сумяшчальніцтве, у Менску — ганаровы кансулят.
Сярод пэўных анамаліяў можна адзначыць Катар — яго Лукашэнка наведваў тройчы, кіраўнікі гэтай краіны таксама былі ў Беларусі тройчы. Абедзьве краіны маюць амбасадараў адна ў другой і прадстаўленыя часовымі паверанымі. У той жа час з 18 краінаў Блізкага Ўсходу Катар як гандлёвы партнэр Беларусі — на 16-м месцы.
Цікавасьць афіцыйнага Менску да гэтай краіны можна патлумачыць нейкімі адмысловымі непублічнымі адносінамі. Дадатковым чыньнікам сытуацыі зьяўляецца тое, што менавіта ў арабскім сьвеце Катар мае складанае становішча.
У 2017 годзе Бахрэйн, Саудаўская Арабія, Эгіпет і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты нават разарвалі дыпляматычныя адносіны з Катарам, абвінаваціўшы краіну ў падтрымцы тэрарызму.
На кантрасьце — адносіны Беларусі з адным зь лідэраў рэгіёну, Саудаўскай Арабіяй. Яна пяты ў памерах гандлёвага абарачэньня партнэр Беларусі, але Лукашэнка там ніколі не бываў, абедзьве краіны прадстаўленыя адна ў адной амбасадарамі па сумяшчальніцтве.
У Саудаўскай Арабіі вельмі напружаныя адносіны з Іранам, яны толькі нядаўна аднавілі дыпляматычныя адносіны. Некаторыя экспэрты лічаць, што напад ХАМАС на Ізраіль быў натхнёны і інсьпіраваны Іранам, які зьбіраўся такім чынам сарваць падпісаньне мірнай дамовы паміж Саудаўскай Арабіяй і Ізраілем.
Адносіны афіцыйнага Менску з Тэгеранам значна больш шчыльныя, чым з Дохай (сталіцай Саудаўскай Арабіі). Лукашэнка бываў у Іране тройчы, іранскія прэзыдэнты ў Беларусі — двойчы, чакаецца візыт дзейнага кіраўніка Ірану. Лукашэнка рэгулярна сустракаецца з іранскімі лідэрамі на міжнародных форумах. У канфлікты Тэгерана і Дохі Менск непасрэдна ня ўлазіць, але шчыльнасьць палітычных кантактаў з адной краінай і іх практычная адсутнасьць з другой паказальныя.
Емэн — здаецца, адзіная краіна рэгіёну, дзе беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва няма наагул, нават па сумяшчальніцтве. Прычына, хутчэй за ўсё, у грамадзянскай вайне, якая віруе ў Емэне амаль 10 гадоў. Аднак гандаль Беларусі з гэтай краінай нават крыху большы, чым з Катарам.
Яшчэ адна агульная асаблівасьць — усе амбасадары ў Беларусі па сумяшчальніцтве асноўным сваім прызначэньнем маюць Маскву. Амбасады адпаведных краінаў у Расеі, і толькі ў ёй.
Зьвяртаюць на сябе ўвагу аднаразовыя візыты Лукашэнкі ў краіны, зь якімі даволі малы гандаль: у Бахрэйн (2002) і ў Аман (2007). Мяркуючы па ўсім, гэта была пэўная выведка, спробы наладзіць стасункі. Вялікага плёну яны ня мелі.
Палітычныя адносіны з Сырыяй і Суданам у значнай ступені былі абумоўленыя ідэалягічнымі чыньнікамі, гандаль з гэтымі краінамі быў даволі сьціплым, а палітычныя стасункі значна больш інтэнсіўнымі.
А вось з Ізраілем — наадварот. Сярод гандлёвых партнэраў Беларусі ў рэгіёне Ізраіль на 4-м месцы. Аднак Лукашэнка там быў толькі раз у вялікай кампаніі кіраўнікоў краінаў, на сьвяткаваньні.
Калі ж гаварыць пра пазыцыю Беларусі ў цяперашнім канфлікце на Блізкім Усходзе, то яна толькі часткова тлумачыцца як эканамічнымі, так і палітычнымі стасункамі з краінамі рэгіёну. У цэлым можна сказаць, што пазыцыя Беларусі блізкая да пазыцыі ў гэтым пытаньні Турэччыны — галоўнага эканамічнага партнэра і аднаго з галоўных партнэраў палітычных.
Але выглядае, што ў куды большай ступені стаўленьне Менску да канфлікту вызначаецца пазыцыяй краіны, далёкай ад рэгіёну — Расеі.