Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Ірана Раісі, той абяцаў падзяліцца досьведам абходу заходніх санкцый


Прэзыдэнт Ірана Эбрахім Раісі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў Тэгеране. 13 сакавіка 2023
Прэзыдэнт Ірана Эбрахім Раісі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў Тэгеране. 13 сакавіка 2023

Перамовы прайшлі ў Тэгеране, дзе Лукашэнка знаходзіцца з двухдзённым візытам.

Падчас перамоваў, які піша прэсавая служба Лукашэнкі, было заяўлена, што галоўнай іх тэмай стала «разьвіцьцё ўзаемадзеяньня па ўсім спэктры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва».

«Нашы адносіны заўсёды знаходзіліся на ўздыме, але за апошнія два гады мы сапраўды назіраем прарыў. Несумненна, ваш візыт у Іран надасьць сур’ёзны вялікі імпульс разьвіцьцю нашых двухбаковых адносін, — заявіў Эбрахім Раісі, якога цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнка зазначыў, што «за апошнія гады Беларусь і Іран зразумелі, наколькі патрэбныя адно аднаму».

Таксама Эбрахім Раісі на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перамоваў у Тэгеране з Лукашэнкам заявіў, што Іран гатовы падзяліцца зь Беларусьсю сваім вопытам супрацьстаяньня санкцыям.

Лукашэнка падкрэсьліў, што «зь вялікай павагай» назірае за тым, як Іран «супрацьстаіць зьнешняму ціску, спробам навязаць чужую волю».

«І як вы, нягледзячы ні на што, разьвіваеце сучасныя тэхналёгіі і ядзерную энэргетыку. І, як мы сёньня вызначыліся з прэзыдэнтам Ірана, мы можам быць вельмі карыснымі адзін аднаму, калі па-сапраўднаму аб'яднаем свае намаганьні», – заявіў Лукашэнка.

Бакі падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва паміж краінамі на 2023-2026 гады. Дакумэнт прадугледжвае развіцьцё ўзаемадзеяньня Беларусі і Ірана ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сфэрах, а таксама ў сфэрах адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.

Прэзыдэнт у Іране не зьяўляецца рэальным кіраўніком дзяржавы. Кіраўнік дзяржавы тут —мусульманскі духоўны лідэр Ірана, які выбіраецца на гэтую пасаду пажыцьцёва, ім на сёньня зьяўляецца аятала Алі Хамэнэі.

У Іране Лукашэнка правядзе два дні. Гэты трэці візыт Лукашэнкі ў Іран.

У 2021 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Іранам склаў $33 млн, летась —каля $100 млн. Беларусь і Іран раней мелі супольныя прадпрыемствы ў здабычы нафты і зборцы легкавых машын «Саманд», але яны выявіліся неэфэктыўнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG