Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў КР: «Ёсьць два шляхі вызваліць палітвязьняў»


Юры Губарэвіч і Аляксандар Дабравольскі. Каляж.
Юры Губарэвіч і Аляксандар Дабравольскі. Каляж.

25 траўня пачнуцца выбары ў Каардынацыйную раду. Яе хочуць зрабіць прадстаўнічым органам дэмакратычных сілаў Беларусі. Выбары працягнуцца тры дні. Да ўдзелу ў выбарах у КР дапусьцілі 12 сьпісаў, якія налічваюць 265 кандыдатаў.

Да 25 траўня ў этэры Свабоды вы пабачыце і пачуеце прадстаўнікоў усіх 12 сьпісаў. Сёньня з намі Аляксандар Дабравольскі, сьпіс нумар 3 — «Эўрапейскі выбар». А таксама Юры Губарэвіч, сьпіс нумар 9 — каманда Латушкі і рух «За свабоду».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

Дабравольскі: Хачу спытацца ў Юрыя: як трэба тлумачыць людзям сэнс існаваньня КР і неабходнасьць прымаць удзел у галасаваньні?

Губарэвіч: Усе тыя праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі, як у Беларусі, так і за мяжой, яны іх няздольныя вырашыць паасобку. Сыстэматызацыя гэтых праблемаў і ўзьняцьце іх на высокі ўзровень урадаў тых краінаў, дзе прымаюцца рашэньні, рэалізацыя дзеяньняў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі магчымыя толькі пры наяўнасьці прадстаўнічага абранага органа, якім будзе КР. Хочаце, каб вашыя праблемы вырашаліся, каб пра вас думалі, каб пра вас не забывалі, каб вы не былі людзьмі другога гатунку, каб пытаньні Беларусі не вырашалі без удзелу Беларусі, — то прыходзьце на выбары, будзьце актыўныя. Тады справы ў беларусаў пойдуць значна лепш.

Губарэвіч: У мяне пытаньне да спадара Дабравольскага як да дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай. Ці пачуем мы яе пазыцыю наконт выбараў у КР? І хацелася б пачуць заклік да мабілізацыі беларусаў.

Дабравольскі: Гэта зьвязана з тым, што Сьвятлана Ціханоўская не агітуе за ніводзін сьпіс, захоўвае нэўтральную пазыцыю. Як дарадца я таксама раю ёй так рабіць. Але тое, што КР — гэта важны інструмэнт для ўзгадненьня пазыцый, што ёсьць сэнс туды балятавацца, што ёсьць сэнс галасаваць, — гэта ад Сьвятланы Ціханоўскай нашыя выбарцы пачуюць.

Агулам у КР будуць выбраныя 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня чакаецца 15 чэрвеня.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG