Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Эстоніі прапанаваў прызнаць РПЦ тэрарыстычнай арганізацыяй. У Маскве адказалі


Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс
Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс

У Маскве назвалі гэтую заяву вяртаньнем у часы «паляваньня на ведзьмаў».

Міністар унутраных спраў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс заявіў аб намеры прапанаваць парламэнту прызнаць Расейскую праваслаўную царкву тэрарыстычнай арганізацыяй. Аб гэтым ён сказаў у эфіры тэлеканала ETV. Яго словы прыводзіць сайт ERR.

«Калі правесьці паралель, ісламскія тэрарысты, якія гавораць, што вядуць сьвятую вайну супраць заходняга сьвету, каштоўнасьцяў заходняга сьвету, то сёньня патрыярх і патрыярхат, якія дзейнічаюць у Маскве, нічым не адрозьніваюцца ад ісламскіх тэрарыстаў», — сказаў ён.

Паводле яго, Маскоўскі патрыярхат падпарадкоўваецца Ўладзіміру Пуціну, які, як заявіў ён, па сутнасьці, «кіруе тэрарыстычнай дзейнасьцю ў сьвеце».

Лаўры Ляанэмэтс адзначыў, што прызнаньне РПЦ тэрарыстычнай арганізацыяй не паўплывае на прыхаджан і не азначае, што храмы будуць закрытыя, але пры гэтым «сувязі з Масквой будуць разарваныя».

Падпарадкаваньне Маскве, як лічыць кіраўнік МУС, нясе пагрозу бясьпецы Эстоніі.

Прадстаўнік Эстонскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату раней заявіў, што яны не знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні РПЦ і ня могуць несьці адказнасьць за выказваньні ў падтрымку вайны Расеі супраць Украіны, якія гучаць у Маскве.

Кіраўнік сынадальнага аддзелу Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах Царквы з грамадзтвам і СМІ Ўладзімір Легойда заявіў, што прапанова прызнаць РПЦ тэрарыстычнай арганізацыяй вяртае Эстонію «ў цёмныя часы рэлігійных войнаў, Варфаламееўскай ночы і паляваньня на ведзьмаў».

Праваслаўная царква Эстоніі мае больш за 100 тысяч пасьлядоўнікаў. У студзені 2024-га эстонскія ўлады адмовіліся працягваць дазвол на жыхарства кіраўніку мясцовай мітраполіі РПЦ Валерыю Рашэтнікаву. Яго прызналі пагрозай бясьпецы дзяржавы.

Да гэтага Эстонія забараніла ўезд у краіну патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG