Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць дарадцы Ціханоўскай Вячоркі накіравалі ў суд. Завочна яму інкрымінуюць 9 крымінальных артыкулаў


Франак Вячорка, архіўнае фота
Франак Вячорка, архіўнае фота

Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны суд справу супраць галоўнага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі. Справу расьсьледавалі завочна, у парадку «спэцыяльнага вядзеньня». Пра завядзеньне справы СК паведаміў у лютым.

Франаку Вячорку інкрымінуюць 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • «Здрада дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК);
  • «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч.1 арт. 357 КК);
  • «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады» (ч.3 арт. 361 КК);
  • «Дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК);
  • «Стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем, у тым ліку паўторна» (чч. 1, 2 арт. 361-1 КК);
  • «Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці і звады» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч.1 арт. 293 КК);
  • «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт. 342 КК);
  • «Паклёп на прэзыдэнта» (ч. 2 арт. 367 КК).

Акрамя таго, яму выставілі пазоў «у інтарэсах дзяржавы» аб пакрыцьці маёмаснай шкоды ў суме больш за 30,9 млн рублёў, «прычыненай супрацьпраўнымі дзеяньнямі». Яго будуць судзіць завочна.

«Калі рэжым цябе атакуе, значыць, ты ўсё робіш правільна. Мне прасьцей, бо сваімі лапамі да мяне ім не дабрацца. Балюча за тых, хто атрымлівае рэальныя тэрміны і каго цяпер катуюць і фізычна зьнішчаюць у турмах. Вось пра іх мы павінны ў першую чаргу думаць і за іх змагацца», — казаў раней Франак Вячорка, камэнтуючы завядзеньне спэцвядзеньня ў дачыненьні да яго.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» спэцыяльна ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG