Трэцяга красавіка Камісія па расьсьледаваньні візавага скандалу разглядае справу аб візах Poland Business Harbour. У першай палове дня паказаньні даваў Кшыштаф Дрында, колішні прэзыдэнт Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю (PAIH), якое выдавала рэкамэндацыі ахвотным атрымаць візы. Ён паспрабаваў растлумачыць асноўную прэтэнзію да праграмы PBH: за час яе дзеяньня ў Польшчу ўехала значна менш праграмістаў, чым суіскальнікам выдалі візаў.
Выданьне MOST сачыла за жывым этэрам з паседжаньня камісіі.
Паводле Дрынды, сярод удзельнікаў праграмы 55% складалі праграмісты і іншыя адмыслоўцы, астатнія 45% былі членамі іх сем’яў.
Велізарнае разыходжаньне паміж колькасьцю выдадзеных візаў і зафіксаваных выпадкаў уезду ў Польшчу Кшыштаф Дрында патлумачыў трыма чыньнікамі. Па-першае, візы PBH выдаваліся на адзін год. За гэты час ня ўсе работнікі пасьпявалі легалізаваць знаходжаньне ў Польшчы праз ДНЖ, і многія зьвярталіся па новую візу. Па словах Дрынды, такія выпадкі былі не адзінкавыя.
Па-другое, у шэрагу выпадкаў кампаніі заяўлялі для ўдзелу ў візавай праграме канкрэтных адмыслоўцаў, і PAIH выдавала ім рэкамэндацыі для атрыманьня візаў. Але пасьля гэтыя работнікі адмаўляліся ад пераезду дзеля сямейных абставін або зь фінансавых прычын. Сьведка не валодаў зьвесткамі пра тое, наколькі распаўсюджаныя былі такія выпадкі.
Па-трэцяе, ён зьвярнуў увагу, што зьвесткі Памежнай варты ўлічваюць толькі тых, хто заяжджаў у Польшчу праз вонкавую мяжу Эўразьвязу і аэрапорты. Але ня тых, хто трапляў праз тэрыторыю Літвы або прылятаў у аэрапорты іншых краін, а затым ехаў у Польшчу.
Асобны блёк пытаньняў да Дрынды тычыўся прыцягненьня расейцаў. Дрында нагадаў, што першапачаткова праграма распаўсюджвалася на Беларусь, але ахоплівала і грамадзян Расеі, якія працавалі ў беларускіх кампаніях. У ліпені 2023 году дзеяньне праграмы пашырылі на пяць краін: Расею, Армэнію, Малдову, Украіну і Грузію. Але 26 лютага 2022 году, праз два дні пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, PAIH перастаў абслугоўваць расейскія кампаніі.
Пры гэтым агенцтва працягвала працаваць з заходнімі і беларускімі фірмамі, якія перавозілі ў Эўропу супрацоўнікаў-расейцаў. Беларуская кампанія з расейскім капіталам Softline такім чынам падавала заяўкі на атрыманьне візаў больш як для 200 чалавек, Belitsoft — больш як для 180.
Пры ўсім гэтым Польскае агенцтва інвэстыцый і гандлю ня мела рэальных інструмэнтаў праверкі тых, хто прыяжджае. Падчас слуханьняў камісія прыводзіла зьвесткі, што пакараньнем для нядобрасумленных кампаній, якія садзейнічалі выдачы візаў PBH, быў штраф у памеры 1000 злотых, у той час як камісія такіх фірмаў-пасярэднікаў складала ў сярэднім 1200–1800 эўра. Такім чынам, пасярэднікі маглі быць у плюсе нават пасьля сплаты штрафу.
Акрамя таго, падчас слуханьняў справы высьветлілася, што тэксту праграмы Poland. Business Harbour як асобнага дакумэнту нават не існуе, усе дзейнічалі паводле польскіх дзяржаўных актаў аб запрашэньні замежнікаў на рынак працы краіны.