Кантрольныя і наглядальныя органы Польшчы пачалі праверку ў дачыненьні ІТ-фірмаў, якія займаліся запрашэньнем працаўнікоў з Усходу. Усяго запрасілі каля 100 тысяч работнікаў, піша ў сваім матэрыяле польская газэта Rzeczpospolita.
Польская агенцыя інвэстыцый і гандлю праводзіць унутраную праверку ўжо некалькі тыдняў. Правяраюцца фірмы, якія ўдзельнічалі ў праграме Poland. Business Harbour (PBH). Гэта была праграма папярэдняга польскага ўраду Матэвуша Маравецкага па запрашэньні ІТ-адмыслоўцаў у краіну, якія маглі цягам трох гадоў пераехаць на працу ў Польшчу разам са сваімі сем’ямі.
У 2021 годзе праграму пашырылі на Грузію, Расею, Малдову, Украіну і Армэнію, а ў верасьні 2022 году да яе далучыліся стратэгічныя фірмы па цэлым сьвеце. У канцы студзеня 2024 году праграму прыпынілі з фармулёўкай «да прыняцьця рашэньняў, што гарантуюць праверку фірмаў і іншаземцаў, якія ёсьць бэнэфэцыярамі».
Аднак, як падкрэсьлівае газэта, гэта аказалася праграмай-прывідам, бо ніхто насамрэч не цікавіўся, што стала з працаўнікамі, якім выдалі візы ў Польшчу. Выявілася, што рэальна ў Польшчу пераехалі жыць і працаваць у 10 разоў меней іншаземцаў, чым выдалі візаў.
Міністэрства замежных спраў паведаміла «Rzeczpospolitej», што толькі грамадзянам Беларусі выдалі 93 046 візаў, пры гэтым усяго грамадзян розных краін у Польшчу зь візай такога тыпу ўехала каля 15 тысяч чалавек.
Летась польскую мяжу па візе PBH перасеклі 2184 беларусы, 110 расейцаў, 12 грузінаў і 114 іншаземцаў зь іншых краін (у тым ліку з Індыі, Ірану, Паўднёвай Карэі, Японіі, Азэрбайджану).
Справу таксама расьсьледуе камісія Сэйму ў выкрыцьці візавага скандалу, на запыт якой Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро атрымала дакумэнты Агенцыі інвэстыцый і гандлю. Агенцтва, якое адказвала за рэалізацыю праграмы, таксама спрабуе падлічыць IT-адмыслоўцаў.
На гэты момант агенцтва атрымала адказы ад 30 кампаній. Зь іх вынікае, што 13,6 тысячы чалавек з апытаных фірмаў атрымалі візы PBH. 9,5 тыс перасяліліся ў Польшчу, а 8,4 тыс. падалі дакумэнты на часовы дазвол на жыхарства. Гэтыя лічбы не ўключаюць іхных сем'яў, якія складаюць прыкладна 40% асоб.
«Інфармацыя, атрыманая ад кампаній, паказвае, што некаторыя супрацоўнікі адмовіліся ад рэлякацыі на розных этапах, у тым ліку пасьля атрыманьня візы, і засталіся, напрыклад, у Беларусі праз падатковыя ці сямейныя праблемы», — сказаў Марцін Грачык, прэс-сакратар Агенцыі.
Пытаньне зь візамі PBH сур’ёзнае — у Памежнай службе пацьвярджаюць, што менш за 15% іншаземцаў, зарэгістраваных у дзяржаўнай праграме бізнэс-візаў, сапраўды зьявіліся ў Польшчы. Гэта азначае, што візы маглі служыць каналам перакіданьня ў Эўразьвяз, сказаў выданьню Міхал Шчэрба, дэпутат ад Камітэту, які летась разам з дэпутатам Дарыюшам Ёньскім пачаў кантраляваць візавую сыстэму ўраду ПіС.
На ягоную думку, «даступнасьць праграмы для грамадзян Расеі падчас уварваньня ва Ўкраіну, якое працягваецца, патрабуе ўдакладненьня». Гэта магло стаць пагрозай польскай бясьпецы і бясьпецы саюзьнікаў па NATO, падкрэсьліў Шчэрба.
Візы PBH, робіць выснову польская газэта, зьяўляюцца часткай сталай візавай праблемы — польская сыстэма выдачы візаў была карумпаванай на працягу многіх гадоў. У 2020-2022 гадах Польшча выдала рэкордную ў параўнаньні з краінамі ЭЗ колькасьць працоўных візаў — амаль 2 мільёны.
Ад жніўня 2020 году Польшча выдала грамадзянам Беларусі 53 406 гуманітарных візаў. Цяпер польскія ўлады асьцерагаюцца, што дзякуючы ім на Захад трапілі ня толькі сапраўдныя пацярпелыя ад рэжыму Лукашэнкі, але і асобы, якія ня мелі датычнасьці да пратэстаў і грамадзкай дзейнасьці. Адзін зь міністраў, які працуе ў сфэры бясьпекі, прызнаў у камэнтары газэце, што «Польшча мае вялізную праблему з наплывам некантраляваных і неправераных іншаземцаў з Усходу».