Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская мае вярнуцца на Зямлю 6 красавіка.
Касьмічны карабель «Саюз МС-24» у складзе камандзіра, Героя Расеі, ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага, першай касманаўткі Беларусі Марыны Васілеўскай і прадстаўніцы NASA Лорэл О’Гары заплянавана на 10 гадзін 19 хвілін 6 красавіка. Пра гэта паведамілі ў «Роскосмосе», піша БелТА.
Пасадка апарата чакаецца ў Казахстане ў стэпе, у раёне населеных пунктаў Джэзказган і Аркалык. Для гарантаваньня бясьпечнай пасадкі на месцы будуць спэцыялісты мэдыцынскай службы Ўзброеных сіл Расеі, расейскія лётчыкі і наземныя пошукава-ратавальныя групы.
«Вайсковыя мэдыкі Цэнтральнай вайсковай акругі ў складзе расейскіх пошукава-ратавальных груп занялі новыя апэратыўныя пазыцыі паблізу асноўнага і запаснога раёнаў пасадкі апарата „Саюз МС-24“», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы акругі.
У пошукава-ратавальным забесьпячэньні сустрэчы экіпажу задзейнічаюць каля 200 вайскоўцаў, верталёты Мі-8, самалёты Ан-12 і Ан-26, а таксама наземная тэхніка, у тым ліку пошукава-эвакуацыйныя машыны ПЭМ-1 і ПЭМ-2 «Сіняя птушка».
Тым часам Марына Васілеўская працягвае выкананьне навуковай праграмы беларускага касманаўта, якая была распрацавана Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Роскосмосом» і Расейскай акадэміяй навук. Яна ўключае 7 мэтавых работ — 5 навукова-дасьледчых і 2 адукацыйныя праекты.
Навуковыя дасьледаваньні праводзяцца ў галіне біялёгіі, фізыялёгіі, аўтаномнага функцыянаваньня касьмічных станцый, дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі з выкарыстаньнем фота- і відэаспэктральнай апаратуры беларускай вытворчасьці, якая знаходзіцца на МКС. Дасьледуюцца таксама ляктафэрын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстаньня ў стварэньні прадуктаў харчаваньня для касманаўтаў.