Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа ў Пасхальную вігілію: уздымем вочы да Ўваскрослага


Папа Францішак
Папа Францішак

Зь Езусам, Богам жыцьця, ніякія няўдачы ня зрынуць нас у адчай, — запэўніў Папа падчас сьвятой Пасхальнай вігіліі, якую ўзначаліў увечары 30 сакавіка 2024 году ў базыліцы сьвятога Пятра ў Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік пракамэнтаваў эвангельскі ўрывак пра жанчын, якія зь першымі промнямі сьвітанку прыйшлі да магілы Езуса. Ён зьвярнуў увагу на два ключавыя моманты гэтай падзеі: у першую чаргу на пытаньне, якое хвалявала жанчын: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?»

«Гэты камень, непераадольная перашкода», сымбалізаваў заканчэньне гісторыі Езуса, пахаванай у ночы сьмерці; быў адлюстраваньнем таго, што жанчыны несьлі ў сэрцы; быў канчатковым прыстанкам іх надзеі, цытуе Папу Vatican News.

«Браты і сёстры, гэта можа здарыцца і з намі. Часам нам здаецца, што ля ўваходу ў наша сэрца паставілі цяжкі надмагільны камень, які душыць жыцьцё, гасіць упэўненасьць, заключае нас у грабніцу страхаў і горычы, перагароджваючы шлях да радасьці і надзеі. Такія „валуны сьмерці“ і мы сустракаем на сваім шляху, ва ўсіх перажываньнях і сытуацыях, якія пазбаўляюць нас энтузіязму і сілы, каб ісьці далей», — сказаў Папа, заўважаючы, што ў цяжкіх сытуацыях страху, горычы, пакут з-за страты блізкіх, няўдач, наступстваў нашага эгаізму і абыякавасьці, таксама і мы з трывогай пытаемся ў сябе: «Хто адсуне камень ад уваходу ў магілу?»

Пантыфік нагадаў, што ўзьняўшы вочы, жанчыны ўбачылі камень адсунутым. «Вось Хрыстова Пасха, вось Божая сіла: перамога жыцьця над сьмерцю, трыюмф сьвятла над цемрай, адраджэньне надзеі сярод руін няўдачы», — сказаў ён, заклікаючы вернікаў таксама ўзьняць вочы да Езуса.

«Калі мы дазволім Езусу ўзяць нас за руку, ніякая параза, ніякія пакуты, ніякая сьмерць ня змогуць спыніць наш шлях да паўнаты жыцьця», — сьцьвердзіў Сьвяты Айцец.

«Давайце ўздымем нашы вочы да Яго, давайце прымем Езуса, Бога жыцьця, у наша жыцьцё, зноў скажам Яму „так“ і тады ніякі камень ня зможа падавіць нашы сэрцы, ніякая магіла ня зможа пазбавіць радасьці жыцьця, ніякая няўдача ня зможа зрынуць нас у адчай. Давайце ўздымем вочы да Яго і папросім Яго, каб моц Яго ўваскрасеньня адсунула камяні, якія прыгнятаюць нашы душы.

Давайце ўздымем вочы да Яго, Уваскрослага, і будзем ісьці наперад з упэўненасьцю ў тым, што на цёмным фоне нашых няспоўненых чаканьняў і нашых сьмерцяў ужо прысутнічае вечнае жыцьцё, якое Ён прыйшоў прынесьці», — сказаў Папа, запэўніваючы, што Хрыстус ужо разбурыў перашкоды і сьпяшаецца прыйсьці да нас.

«Няхай у цемры ўздымецца нечаканы вокліч: Ён жывы, Ён уваскрос!», — пажадаў Сьвяты Айцец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG