Дзяржаўная служба «Роспотребнадзор» спрабавала выслаць з Расеі грамадзяніна Беларусі, заражанага ВІЧ-інфэкцыяй. Бранскі абласны суд скасаваў гэтае рашэньне, паведамляе аб’яднаная прэс-служба судоў агульнай юрысдыкцыі Бранскай вобласьці.
Управа «Роспотребнадзора» ў Бранскай вобласьці вынесла рашэньне аб непажаданасьці знаходжаньня ў Расеі грамадзяніна Беларусі, заражанага ВІЧ-інфэкцыяй.
Беларус зьвярнуўся ў расейскі суд з адміністрацыйным пазовам, у якім папрасіў скасаваць рашэньне. Суд пайшоў насустрач грамадзяніну Беларусі і скасаваў рашэньне «Роспотребнадзора» на той падставе, што ў Бранскай вобласьці жыве ягоная маці, а сам ён на сталай аснове атрымлівае лекаваньне ў Беларусі.
«Роспотребнадзор» на гэтым не спыніўся і абскардзіў рашэньне ў Бранскім абласным судзе. Вывучыўшы матэрыялы справы і выслухаўшы думкі бакоў, судовая калегія пагадзілася з высновамі суду першай інстанцыі. Больш за тое, суд вырашыў, што «рашэньне аб непажаданасьці знаходжаньня становіць сабой сурʼёзнае ўмяшаньне ў сфэру асабістага і сямейнага жыцьця і ня ёсьць апраўданай мерай, сувымернай мэце, якая перасьледуецца».
Рашэньне суду першай інстанцыі пакінулі бязь зьмены, скаргу «Роспотребнадзора» — без задавальненьня.