Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмеркавалі эканамічнае супрацоўніцтва і спрашчэньне візавага рэжыму: кіраўнік МЗС Беларусі наведвае Індыю


Міністар замежных спраў Індыі Субраманьям Джайшанкар і міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік
Міністар замежных спраў Індыі Субраманьям Джайшанкар і міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік

Пытаньне спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Індыяй стала адной з тэмаў перамоваў міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка зь міністрам замежных спраў Індыі Субраманьямам Джайшанкарам у Дэлі, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Галоўнай тэмай абмеркаваньня міністраў стала далейшае эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Індыі, а таксама «канкрэтныя каапэрацыйныя праекты», паведамілі ў МЗС Беларусі.

Таксама абмеркавалі міжрэгіянальныя і парлямэнцкія сувязі, гуманітарнае супрацоўніцтва, у тым ліку навучаньне індыйскіх студэнтаў у Беларусі. Дамовіліся пра пачатак дыялёгу па далейшым спрашчэньні візавага рэжыму.

Дадаткова абмеркавалі ўзаемадзеяньне па лініі ЭАЭС — Індыя і ў рамках іншых шматбаковых фарматаў, рэгіянальную сытуацыю, тэмы глябальнай і харчовай бясьпекі, бягучы крызіс у міжнародных адносінах і сусьветнай эканоміцы.

У рамках афіцыйнага візыту ў Дэлі таксама прайшлі перамовы беларускай дэлегацыі зь міністрам хімічнай прамысловасьці і мінэральных угнаеньняў, аховы здароўя і дабрабыту сям’і Індыі Мансухам Мандавія. Галоўныя тэмы — харчовая бясьпека, пастаўкі беларускай тэхнікі, супрацоўніцтва ў сфэры фармацэўтыкі і хімічнай прамысловасьці. Дасягнуты шэраг дамоўленасьцяў, над якімі будуць далей працаваць у рамках галіновага ўзаемадзеяньня, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

  • Сяргей Алейнік сёлета ўжо сустракаўся зь міністрам замежных спраў Індыі Субраманьямам Джайшанкарам — 18 студзеня на палях саміту Руху недалучэньня ў Кампале (Уганда).
  • Паводле зьвестак амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны таваразварот у 2021 годзе склаў 566,6 млн даляраў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн даляраў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн даляраў. Зьвесткі аб гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.
  • У 2021-ым Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаеньні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампанэнты для аўтамабільнай прамысловасьці, цэлюлёзу, шкловалакно, лён, сынтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяваньне і прыборы і інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчаваньня і іншыя тавары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG