Аб сустрэчы 18 студзеня паведаміла прэс-служба індыйскага замежнапалітычнага ведамства. Джайшанкар у сацсетцы X назваў гутарку «карыснай», адзначыўшы, што гаворка таксама ішла аб супрацоўніцтве краін «у розных галінах».
Беларускі МЗС 19 студзеня напісаў, што Алейнік і Джайшанкар «прадметна абмеркавалі ўсю палітру актуальных пытаньняў як двухбаковага, так і шматбаковага парадку дня».
«Адмысловая ўвага нададзена нарошчваньню аб’ёмаў узаемнага гандлю, харчовай бясьпекі і каапэрацыйным праектам. Міністры вызначылі плян узаемадзеяньня і рознаўзроўневых кантактаў на найбліжэйшую пэрспэктыву, дамовіліся аб правядзеньні ў Менску паседжаньня беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі супрацоўніцтва ў галінах гандлю, эканомікі, прамысловасьці, навукі, тэхналёгій і культуры», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Асобна абмеркавалі пытаньні рэгіянальнай бясьпекі, у тым ліку канфлікт ва Ўкраіне. Міністры канстатавалі супадзеньне пазыцый Беларусі і Індыі адносна неабходнасьці найхутчэйшага пошуку дыпляматычных шляхоў урэгуляваньня бягучых канфліктаў», — адзначаецца ў рэлізе МЗС Індыі.
18 студзеня ў Кампале Алейнік прыняў удзел у пятай міністэрскай сустрэчы Групы сяброў у абарону Статуту ААН. Галоўным пытаньнем парадку дня стала «сытуацыя ў Палестыне». Міністар «падкрэсьліў прынцыповую пазыцыю Беларусі аб неабходнасці больш хуткага спыненьня агню, стварэньня базавых умоў для аказаньня гуманітарнай дапамогі і пабудовы ўстойлівага міру на Блізкім Усходзе».
4 студзеня, прызначаючы былога старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Міхаіла Касько паслом у Індыі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адносіны паміж краінамі «дэградавалі».
«Індыя — вялізная краіна, — сказаў ён. — Я не магу быць задаволены тым станам спраў, якія ў нас складаюцца ў беларуска-індыйскіх адносінах».
Зрабіўшы ўпор на вонкавы гандаль, Лукашэнка зазначыў:
«Тое, што мы вырабляем, мы спакойна можам і ў Кітаі, і ў Расеі прадаць, у некаторых краінах на далёкай дузе. Але Індыя — велізарны рынак, і мы там былі прадстаўлены, мы там працавалі з часоў Савецкага Саюзу. Нам трэба вызначыць асноўныя кірункі, дзе мы нешта зможам зрабіць, дзе мы будзем найперш карысныя Індыі. Гэта аснова гэтага пляну».
Паводле зьвестак пасольства Беларусі ў Індыі, узаемны таваразварот у 2021 годзе склаў 566,6 млн даляраў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн даляраў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн даляраў.
Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаеньні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампанэнты для аўтамабільнай прамысловасьці, цэлюлёзу, шкловалакно, лён, сынтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяваньне і прыборы і інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчаваньня і іншыя тавары.
Зьвесткі аб гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.