Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка рыхтуецца да вайны. Навошта рэжым зноў і зноў застрашвае грамадзтва


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіроўным складам органаў дзяржаўнай бясьпекі, 20 лютага 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіроўным складам органаў дзяржаўнай бясьпекі, 20 лютага 2024 году

Нарада зь «сілавікамі», якую Лукашэнка правёў 20 лютага, выглядала як надзвычайная. Пра гэта сьведчыла ня толькі поўная заля людзей з пагонамі на плячах, але і тон выступу Лукашэнкі. Гэты тон быў вельмі драматычны: складалася ўражаньне, што прамова гучала напярэдадні нейкага апакаліпсісу.

Сьцісла:

  • Вонкава ніякіх падставаў для надзвычайнасьці, новых пагрозаў для рэжыму ня бачна.
  • У выступе Лукашэнкі малюецца апакаліптычная карціна непазьбежнага канца сьвету, наканаванасьці вайны.
  • Лукашэнка і кіраўнікі сілавых структураў жывуць у нейкім сваім трохі дзіўным паралельным ці перакручаным сьвеце.
  • Слова «выбары» ў Лукашэнкі асацыюецца не з працэсам галасаваньня, а з рэвалюцыяй, «дзяржаўным пераваротам або гвалтоўным захопам улады».

20 лютага Аляксандар Лукашэнка правёў «пашыраную нараду з кіруючым складам дзяржаўных органаў сыстэмы забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі». Падобныя сустрэчы зь сілавікамі пасьля 2020 году сталі рэгулярнымі, праводзяцца часам па некалькі разоў на месяц і нікога ўжо ня дзівяць.

Аднак цяперашняя нарада мела характар нейкай надзвычайнасьці. Пра гэта сьведчыла ня толькі поўная заля людзей з пагонамі, але і тон выступу Лукашэнкі. Ягоная прамова выглядала як праграмная. Яна аказалася вельмі драматычнай, быццам напярэдадні нейкага апакаліпсісу.

Хоць, здавалася б, ніякіх падставаў для нейкай надзвычайнасьці ня бачна. Наадварот, ёсьць невялікія вонкавыя прыкметы таго, што міжнародныя падзеі вакол Беларусі разьвіваюцца ў спрыяльным кірунку для афіцыйнага Менску. Крэмль абвясьціў, што атрымаў чарговую перамогу над Украінай, захапіўшы Аўдзееўку. Расейскія войскі працягваюць наступ, карыстаючыся снарадным голадам ва ўкраінскай арміі. Пастаўкі зброі Ўкраіне з боку Захаду зьнізіліся. Сярод украінскіх эліт абвастрыліся рознагалосьсі. Амэрыканскі Кангрэс ня можа прыняць пакет законаў, які б дазволіў маштабную дапамогу Кіеву. У краінах ЭЗ назіраецца пэўная стомленасьць ад вайны, сярод палітыкаў аднаўляюцца дыскусіі на тэму, што рабіць далей. Многія зь вялікай насьцярожанасьцю чакаюць перамогі Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, бо ён выступае супраць фінансавай і збройнай падтрымкі Ўкраіны.

І ўнутры Беларусі, здаецца, усё спакойна: пратэст задушаны, грамадзтва заціснута рэпрэсіямі. Валавыя паказьнікі эканомікі за мінулы год вырасьлі на 3,9%. Ніякіх пагроз рэжыму ня бачна нават на гарызонце.

Аднак у выступе Лукашэнкі малюецца нейкая жудасная карціна непазьбежнага канца сьвету: «Абстаноўка ў сьвеце настолькі сур’ёзная, што неабходна адкінуць усе ілюзіі аб магчымасьці дыпляматычнага ўрэгуляваньня глябальнага канфлікту... Сьвет зноў падышоў да краю прорвы... Паглядзім на абстаноўку праз прызму экзыстэнцыйных пагроз... Устаноўкі калектыўнага Захаду простыя да бязладзьдзя: тых, хто ня зь імі, будуць браць сілай... Па выніках гэтай вайны павінны адбыцца тэрытарыяльныя зьмены. (Польшча імкнецца далучыць частку сучаснай Беларусі)».

Галоўная выснова: нас чакае вайна, ці то вонкавая, ці то ўнутраная, «таму мы павінны быць да яе гатовыя і мэнтальна, і стратэгічна».

Лукашэнка агучыў нават канкрэтныя пляны ворагаў: «Нашы зьбеглыя і іх замежныя куратары ад спэцслужбаў прапрацоўваюць тры асноўныя сцэнары сваіх дзеяньняў на гэты пэрыяд». Цікава, што два першыя сцэнары зьвязаныя з выбарчымі кампаніямі.

Лукашэнка кажа: «Першы — самы жаданы для іх. Гэта арганізацыя дзяржаўнага перавароту або гвалтоўны захоп улады непасрэдна ў пэрыяд правядзеньня электаральнай кампаніі... Другі — асноўны. Выкарыстаньне бягучай выбарчай кампаніі ў якасьці рэпэтыцыі і пачатковага этапу для падрыхтоўкі да дзяржперавароту ў ходзе маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў у 2025 годзе. Менавіта на гэты сюжэт будуць кінуты ўсе асноўныя сілы і рэсурсы, актываваны працэс пошуку новых пунктаў кіпеньня ў грамадзтве, здольных справакаваць новую хвалю пратэсту».

Такія злавесныя пляны малююцца на тле таго, што кіраўніцтва апазыцыі абвясьціла пра няўдзел у бягучай выбарчай кампаніі і заклікала грамадзян не хадзіць на выбары. Наконт прэзыдэнцкай кампаніі наступнага году ў апанэнтаў рэжыму ўвогуле пакуль ніякай стратэгіі няма.

Чым патлумачыць такі вялізарны кантраст паміж мэсыджам, які дасылае Лукашэнка сілавым структурам, і рэальнасьцю? Тут працуе некалькі чыньнікаў.

Найперш, сам Лукашэнка і кіраўнікі сілавых структураў жывуць у нейкім сваім трохі дзіўнаватым паралельным ці перакручаным сьвеце. У якім з усіх бакоў паўзуць ворагі, дывэрсанты праз балота пад прыкрыцьцём дронаў. Магчыма, ім там псыхалягічна ўтульна, і яны ня хочуць спускацца на грэшную зямлю.

Другі момант. Падзеі 2020 году так моцна ўразілі Лукашэнку, так балюча адлюстраваліся ў сьвядомасьці, што слова «выбары» ў яго асацыюецца не з працэсам галасаваньня, а з рэвалюцыяй, «дзяржаўным пераваротам або гвалтоўным захопам улады». Так ён гэта бачыць і нічога з сабой зрабіць ня можа, нават калі для такога сцэнару няма ніякіх падстаў.

І, нарэшце, кіраўнікі сілавых структураў проста сьвядома настройваюць, «накручваюць» Лукашэнку, пужаюць бясконцымі змовамі, бо такім чынам можна падвысіць сваю палітычную вагу.

Але, калі глядзіш на ўсе гэтыя застрашваньні, апакаліптычныя сцэнары, мілітарысцкую ліхаманку, думаецца вось пра што. Пастаяннае нагнятаньне напружанасьці ўжо не працуе. Калі кожны дзень пужаць ворагамі, то на зноў і зноў паўтораны крык «Воўк!» людзі перастаюць рэагаваць. Тэрміны «экстрэмісты», «тэрарысты» моцна дэвальваваліся, страцілі сваё першапачатковае значэньне. Бо калі гэтымі словамі называць кожнага іншадумца, то атрымліваецца, што людзі жывуць у краіне, дзе кожны другі — экстрэміст. Але так у жыцьці не бывае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG