У Мар’інай Горцы адбылася цырымонія звальненьня ў запас вайскоўцаў, якія праходзілі тэрміновую вайсковую службу ў 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня.
Як адзначаецца ў Telegram-канале 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня, сьвятар Барысаўскай япархіі РПЦ Аляксандар Цалкоў на ўрачыстай цырымоніі «дабраславіў воінаў на новыя жыцьцёвыя зьдзяйсьненьні».
«Сыходзяць людзі найбольш падрыхтаваныя, гэта байцы трэцяга пэрыяду, якія з намі прайшлі агонь, ваду і медныя трубы. Гэта талковыя мужыкі, зь якімі можна было і будзе, калі будзе такая неабходнасьць, выконваць любыя задачы», — сказаў камандзір 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Дзьмітры Быконя.
Перад вайскоўцамі таксама выступіў вэтэран брыгады Сяргей Нітачкін. Цытатаў зь яго выступу не прыводзяць.
Найлепшых вайскоўцаў, якія «за час службы паказалі высокія вынікі», узнагародзілі граматамі і «каштоўным падарункам „Мэрч Першага“», а таксама перадалі для іхных бацькоў лісты падзякі.
У распаўюджаным відэазапісе вайскоўцам, якія служаць у гэтай брыгадзе, размылі твары, але на фатаздымках абліччаў звольненых з тэрміновай службы не прыхоўвалі.
Аб гэтай падзеі паведаміла таксама раённая газэт «аПухавіцкія навіны». Але ніякіх дадатковых дэталяў у публікацыі не згадала.
У Беларускім экзархаце дзейнічаюць асобныя аддзелы для супрацы з вайскоўцамі
На сайце Барысаўскай япархіі Беларускага экзархату РПЦ пакуль няма навіны аб удзеле ў цырымоніі іхнага сьвятара Аляксандра Цалкова. Але ёсьць іншыя навіны, зь якіх вынікае, што ён бярэ ўдзел ува ўсіх урачыстых падзеях у вайсковых частках, якія дысьлякуюцца ў Пухавіцкім і Барысаўскім раёнах. На сайце япархіі таксама можна пабачыць, што ў я складзе працуе аддзел узаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і казацтвам.
Аддзелы ўзаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і казацтвам дзейнічаюць таксама ў іншых япархіях Беларускага экзархату.
У самым Беларускім экзархаце Маскоўскага патрыярхату адпаведная структура называецца сынадальным аддзелам узаемадзеяньня з Узброенымі сіламі і іншымі вайскомі фармаваньнямі. Такая ж структура ёсьць у складзе кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ў цэлым, яе прадстаўнікі дабраслаўляюць змабілізаваных расейцаў на вайну ва Ўкраіне.
У Беларускім экзархаце РПЦ аддзел ачольвае Ігар Карасьцялёў. Сёлета ў лютым ён з ініцыятывы мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна правёў у Менску калядныя казацкія чытаньні «Хто, калі ня мы?! — унёсак духавенства і казацтва ў справу Вялікай народнай Перамогі». На іх выступіў атаман Беларускай асобнай казацкай акругі Міжнароднага саюзу грамадзкіх аб’яднаньняў «Усевялікае войска Данское» Яўгеній Расалай — дзейны генэрал-маёр расейскай арміі, начальнік штабу «заходняга кірунку», нарадзіўся ў 1940 годзе ў Уле Бешканкавіцкага раёну, закончыў сярэднюю школу ў Браславе.
Ва Ўкраіне заўважылі на фронце былых вайскоўцаў з Мар’інай Горкі
Украінскі праект «Хачу жыць», які рэалізуе Каардынацыйны штаб Украіны ў абыходжаньні з ваеннапалоннымі, паведаміў, што сярод беларусаў, якія ваююць на баку Расеі ва Ўкраіне, шмат былых вайскоўцаў 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня з Мар’інай Горкі.
У той жа час у гэтым праекце пакуль ня маюць больш дакладнай інфармацыі аб колькасьці беларускіх спэцпрызначэнцаў, якія ваююць, параненыя ці загінулі.
Якім чынам цяперашніх ці колішніх байцоў гэтай брыгады вэрбуюць на кантракт у расейскую армію, пакуль дакладна невядома.
Часткова вэрбаваньнем займаюцца праз Telegram-каналы, хоць і не наўпрост.
Канал «Белорусский силовик», які вядзе нібыта «апэратыўнік у адстаўцы», пэрыядычна перадрукоўвае з расейскіх каналаў інфармацыю з кантактамі, празь якія можна зьвяртацца, каб пайсьці на службу ў расейскую армію. Таксама працягвае рэкрутынг канал «Отечество» — асабісты блог інструктара групы «Вагнэр» пад пазыўным «Брэст», які, паводле выходных зьвестак каналу, зьяўляецца афіцэрам запасу сілаў спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі. На ім таксама пэрыядычна зьяўляюцца кантакты Міністэрства абароны Расеі, празь які яможна атрымаць інфармацыю аб заключэньні кантрактаў.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум