Як паведаміў польскі спартовы сайт Sportowefakty.wp.pl, былая беларуская, а цяпер польская спартоўка, віцэ-чэмпіёнка сьвету па скачках у вышыню Марыя Жодзік была названа найлепшай польскай спартсмэнкай года на галя-вечарыне «Ляўры Каралевы спорту», якая прайшла ў Быдгашчы.
Яна была ўдастоеная прэстыжнай узнагароды за выключны сэзон, які прынёс ёй адзіны мэдаль для польскай каманды на нядаўнім чэмпіянаце сьвету ў Токіё — срэбра ў скачках у вышыню.
У верасьні 28-гадовая Марыя Жодзік у фінале скачкоў у вышыню пераадолела плянку на рэкордным для сябе ўзроўні 2 мэтры.
У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь.
Цяпер Марыя Жодзік жыве і трэнуецца ў Беластоку, выступае за мясцовы клюб. Пасьля зьмены нацыянальных колераў Марыя пачала новы этап сваёй кар’еры ў клюбе ў Беластоку пад кіраўніцтвам трэнэра Паўла Вышынскага.
У 2024 годзе яна атрымала польскае грамадзянства ад прэзыдэнта Анджэя Дуды.
- Зьмена спартсмэнамі беларускага грамадзянства на польскае — цяпер ужо не адзінкавая зьява. Ужо некалькі гадоў з польскім пашпартам выступае за Польшчу беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская.
- Увесну 2021 году атрымала польскае грамадзянства бягуха Маргарыта Качанава, яна таксама спрабуе выбудаваць кар’еру ў зборнай Польшчы.
- У пачатку 2025 году стала вядома, што польскае грамадзянства атрымала беларуская лучніца Карына Казлоўская.