Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у Каардынацыйную раду


Чальцы Каардынацыйнай рады, архіўнае фота
Чальцы Каардынацыйнай рады, архіўнае фота

Дэмакратычныя сілы дамовіліся аб працэдуры выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады (КР), адпаведны праект неўзабаве будзе прадстаўлены на галасаваньне дзейнага складу Рады.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на тэлеграм-канал Рады.

«Рабочая група па выбарах, складзеная з прадстаўнікоў офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэта і партый, дасягнула кансэнсусу», — гаворыцца ў паведамленьні.

Удакладняецца, што па выніках пасяджэньня фінальны варыянт праекту будзе накіраваны Ціханоўскай.

«Варыянт, які прапануе рабочая група, прадугледжвае толькі адзін голас у выбаршчыка, а пасьля выбараў у КР будзе створаная кансультатыўная грамадзкая палата для няўрадавых арганізацыяў», — адзначае КР.

Выбары ў Каардынацыйную раду прызначаныя на 25 траўня, адпаведнае рашэньне прынятае 9 лютага. Раней Рада заяўляла, што выбары будуць прамымі, «з закрытымі сьпісамі і бачнымі кандыдатамі».

7 лютага КР працягнула мандат дзейнага складу, які канчаўся 8 лютага, да першага агульнага сходу новага складу. На гэтым фоне склала свае паўнамоцтвы віцэ-сьпікеркі і выйшла з КР Алена Жываглод.

Каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» («НАУ») адклікала свайго дэлегата Арцёма Брухана «ў сувязі з завяршэньнем паўнамоцтваў другога скліканьня Каардынацыйнай рады». «НАУ» выступіла за правядзеньне выбараў у КР па сыстэме прамога галасаваньня, дзе кожны выбаршчык мае адзін голас.

У канцы сьнежня мінулага году дзевяць чальцоў КР запатрабавалі распусьціць цяперашні склад.

28 лістапада 2023 году сілавікі правялі ў Беларусі больш за 130 ператрусаў у рамках крымінальнай справы, зьвязанай зь дзейнасьцю КР, было вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасьці.

Сьледчы камітэт паведаміў, што падазраванымі ў справе праходзяць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG