Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Каардынацыйнай рады спрэчкі і праблемы не зь Ціханоўскай, а з прадстаўнікамі Кабінэту», — сьпікер КР Ягораў


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў адказвае на пытаньне, ці сапраўды абвешчаны варыянт выбараў у КР стане канчатковым, заяўляе пра канструктыўнае ўзаемадзеяньне з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і адказвае на папрокі Аляксандра Мілінкевіча пра «небеларускія сілы ў Каардынацыйнай радзе».

Сьцісла:

  • Сыстэма выбараў у КР павінна быць зацьверджаная адначасовым рашэньнем КР і Сьвятланы Ціханоўскай.
  • З прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў КР узьнікае шмат спрэчак.
  • У Кабінэту шмат па якіх пытаньнях свая думка, якая можа розьніцца ад думкі прадстаўнікоў Ціханоўскай.
  • Няма нейкай «Канстытуцыі», дзе напісана, што Кабінэт і Офіс мусяць падпарадкоўвацца рашэньням Рады.
  • Немагчыма ўявіць, як КР нават тэарэтычна можа адхіліць Ціханоўскую.

— 9 лютага зьявілася інфармацыя, што Каардынацыйная рада (КР) нарэшце прыняла рашэньне пра мэханізм і дату выбараў у новы склад. Раней ужо былі сытуацыі, калі абвяшчалі, што мэханізм выбараў вызначаны, але потым зноў працягваліся дыскусіі. Ці можна сказаць, што абвешчаны варыянт стане сапраўды канчатковым?

— Наша пазыцыя палягае ў тым, што сыстэма выбараў у КР павінна быць зацьверджаная адначасовым рашэньнем КР і Сьвятланы Ціханоўскай. Рашэньні пра мэханізм выбараў былі накіраваныя Сьвятлане Ціханоўскай да разгляду. Яна разгледзела і дала адказ КР з рэкамэндацыяй «працягнуць кансультацыі ў межах упаўнаважанай працоўнай групы разам з Аб’яднаным пераходным кабінэтам (АПК), Офісам Сьвятланы Ціханоўскай (ОСЦ) і палітычнымі партыямі».

Таму сытуацыя дваістая. КР зацьвердзіла, а Сьвятлана Ціханоўская яшчэ не зацьвердзіла. Я лічу, што мы ня можам бясконца працягваць кансультацыі, і ўсе зацікаўленыя бакі мусяць гэта разумець. Я лічу, што ўсе кансультацыі павінны быць скончаныя ў гэтым месяцы — пажадана, у найбліжэйшыя 10 дзён.

— А калі Ціханоўская не зацьвердзіць гэты мэханізм — што можа адбыцца далей?

— Далей, калі карыстацца аналёгіяй са структурамі ў дэмакратычных дзяржавах, — калі кіраўнік выканаўчай улады не зацьвярджае нейкае рашэньне, то гэтае вэта пераадольваецца большасьцю ў прадстаўнічым органе (протапарлямэнце). Я думаю, калі Сьвятлана Ціханоўская не зацьвердзіць гэтае рашэньне і ўпаўнаважаная працоўная група ня прыйдзе праз разумны тэрмін да канчатковага зацьвярджэньня, тады аўтаматычна ўступае ў сілу рашэньне Каардынацыйнай рады.

— А чаму ўвогуле мэханізм выбараў у КР павінна зацьвярджаць Сьвятлана Ціханоўская?

— Бо выбары ў КР маюць агульнае для ўсіх значэньне. І пазыцыя нацыянальнага лідэра тут вельмі важная. КР не прадстаўляе ўсе палітычныя сілы, якія ёсьць, — таму мы разьлічваем, што Сьвятлана Ціханоўская падтрымае працэдуру і канструкцыю выбараў.

— Я чуў ад розных людзей, што менавіта з прадстаўнікамі «выканаўчай улады» ў чальцоў Каардынацыйнай рады адбываюцца найбольшыя спрэчкі і дыскусіі. Калі гэта так, то чым бы вы гэта патлумачылі? Можа, прадстаўнікі Ціханоўскай лічаць, што КР цягне на сябе надта шмат паўнамоцтваў?

— Я б не сказаў, што ў КР ёсьць напружаньне з прадстаўнікамі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай (ОСЦ), яе дарадцамі. Хутчэй па гэтай лініі менш непаразуменьняў, і кампраміс дасягальны. А вось з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) узьнікае больш спрэчак.

— Даволі дзіўная сытуацыя. Кабінэт падпарадкоўваецца Ціханоўскай, яна яго прызначыла. Зь Ціханоўскай у КР усё нармальна, а з Кабінэтам праблемы. Нейкая нелягічнасьць.

— Але так яно адбываецца. Кабінэт — гэта калектыўны орган, які прымае свае рашэньні, мае сваю візію, і Ціханоўская, наколькі я разумею, кіруе Кабінэтам не аўтарытарна. І Кабінэт мае шмат па якіх пытаньнях сваю думку, якая можа быць адрознаю ад думкі прадстаўнікоў Ціханоўскай. З ОСЦ у нас даволі добрае і канструктыўнае ўзаемадзеяньне па ўсіх праблемах.

— Як бы вы пракамэнтавалі даволі вядомую заяву Аляксандра Мілінкевіча, які сказаў, што «небеларускія сілы спрабуюць адхіліць Ціханоўскую з дапамогай Каардынацыйнай рады»? Мілінкевіч — пазаштатны дарадца Ціханоўскай у пытаньнях рэалізацыі эўрапейскага выбару Беларусі. З улікам гэтага ягоныя словы могуць успрымацца як пазыцыя самой Ціханоўскай?

— З гледзішча афіцыйнай пазыцыі з боку ОСЦ ёсьць выразная падтрымка дзейнасьці КР і яе намаганьняў у арганізацыі выбараў у Раду. Гэта меркаваньне спадара Мілінкевіча можна, найхутчэй, лічыць ягонай прыватнай думкай. У афіцыйных стасунках, я зноў-такі падкрэсьліваю, мы маем падтрымку і канструктыўнае ўзаемадзеяньне.

У спадара Аляксандра Мілінкевіча, як падаецца, зашмат кансьпіралёгіі. Я ўвогуле не ўяўляю, як КР можа нават тэарэтычна адхіліць Ціханоўскую. Ці нават безь яе рашэньня адхіліць кагосьці зь яе дарадцаў ці чальцоў Кабінэту. Голас КР шмат у чым дарадчы, усё адбываецца ў рамках пэўных палітычных пагадненьняў, у рамках узаемнай павагі.

Няма нейкай «Канстытуцыі», дзе напісана, што Кабінэт і Офіс мусяць падпарадкоўвацца рашэньням Рады. Вядома, мы б хацелі большай фармалізацыі гэтых адносінаў, але, на жаль, практыка пакуль такая, якая ёсьць.

— Калі агульнае рашэньне нарэшце будзе зацьверджанае і пачнецца падрыхтоўка да выбараў, прызначаных на 25 траўня, — то хто, на вашую думку, павінен браць удзел у галасаваньні? Толькі беларусы з замежжа, ці таксама беларусы зь Беларусі? Хіба можна гарантаваць ім поўную бясьпеку ў цяперашніх умовах?

— Я думаю, што на сёньня большасьць людзей з дэмакратычнымі поглядамі ўсё ж застаюцца ў Беларусі. І я думаю, што мы павінны даць ім магчымасьць галасаваньня. Мы павінны стварыць такую электронную сыстэму, якая будзе дастаткова бясьпечнай для галасаваньня зь Беларусі.

— Як бы вы вызначылі стратэгічна функцыі і паўнамоцтвы КР? Бо не сакрэт, што многія ацэньваюць падзеі вакол КР як спробу Рады перацягнуць на сябе коўдру, атрымаць больш вагі і паўнамоцтваў.

— Пасьля выбараў КР будзе абапірацца на шырэйшую легітымнасьць, якую ёй дадуць галасы людзей падчас выбараў. І чым больш прагаласуе, тым большая вага будзе ў новага складу КР.

У асноўным функцыі КР вызначаныя яе дзейным Статутам. Гэта інстытут парлямэнцкага тыпу, рэпрэзэнтацыя інтарэсаў дэмакратычнай супольнасьці, грамадзкі кантроль дзейнасьці нашых «выканаўчых структураў». Гэта прапанова і дыскусія наконт шырокай палітычнай стратэгіі агульных дзеяньняў. А таксама функцыя каардынацыі дзеяньняў паміж рознымі палітычнымі сіламі.

І адносна паўнамоцтваў. Гучаць меркаваньні, што калі за сябраў Рады прагаласуюць дзясяткі тысяч людзей — то паўнамоцтвы КР у справе фармаваньня Кабінэту могуць быць пашыраныя.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG