Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта нейкі кіч». Што ня так са званіцай, якую хочуць пабудаваць каля Калоскай царквы ў Горадні


Калоская царква ў Горадні, 2019 год, архіўнае фота
Калоская царква ў Горадні, 2019 год, архіўнае фота

Новабудоўля можа спадабацца ня ўсім. Гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон расказаў Свабодзе, што зь ёй ня так і што было б лепш паставіць замест яе.

Званы з Варонежа

Каля Калоскай царквы ў Горадні вырашылі паставіць званіцу. Яна разьмесьціцца за 10 мэтраў ад царквы на невялікім узвышшы. Плошча пляцоўкі — каля 50 «квадратаў», піша газэта «Звязда» са спасылкай на галоўнага архітэктара праектнага інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандра Захарчука.

Званіца будзе крыжападобнай формы. Канструкцыя — з дрэва. Ужо пачалі расьпілоўваць дуб пад яе. Новы аб’ект накрыюць такой самай бляхай, як і Каложу. У званіцы разьмесьцяць 9 званоў. Восем ужо прывезьлі з расейскага Варонежа. Самы галоўны звон вагой 1,3 тоны ўжо таксама адлілі і неўзабаве прывязуць у Горадню.

Праект званіцы каля Калоскай царквы, створаны інстытутам «Гроднаграмадзянпраект»
Праект званіцы каля Калоскай царквы, створаны інстытутам «Гроднаграмадзянпраект»

Вакол званоў паставяць мэталічную агароджу вышынёй 1,2 мэтра «ад вандалізму». На крыжы і браме званіцы зробяць вітражы з рознакаляровай пліткай, якая мае нагадваць тую, што на царкве. Пляцоўку выбрукуюць камянямі.

Пабудову прымеркавалі да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Першы звон на званіцы, як абяцаюць, прагучыць сёлета 9 траўня.

Старая званіца не захавалася

Старая званіца, якая існавала ля Каложы, не захавалася да сёньняшніх дзён. Ёсьць дапушчэньне гісторыкаў, што першапачаткова ў XII стагодзьдзі званіца была ўбудаваная ў правую частку храма. Аргумэнтаў за гэта некалькі.

Па-першае, справа фасад царквы шырэйшы, чым зьлева. Па-другое, справа на фасадзе Каложы няма выяваў крыжоў, як зьлева. Імаверна, таму, што гэта была ўнутраная сьцяна, якую закрывала званіца. Па-трэцяе, у падмурку ваўкавыскай царквы, якая належыць да горадзенскай архітэктурнай школы, адведзена месца пад такую званіцу.

Фасад Каложы справа быў шырэйшы, на ім не было крыжоў. Імаверна, там месьцілася званіца
Фасад Каложы справа быў шырэйшы, на ім не было крыжоў. Імаверна, там месьцілася званіца

Першая званіца пры Каложы, падобна, была невялікая, а званар, калі званіў, не ўзьбіраўся па сходах, а стаяў на зямлі. Выяваў таго часу не захавалася. У 1853 годзе правая частка царквы абрынулася ў Нёман, таму дасьледаваць месца званіцы ўжо немагчыма.

Пазьнейшая барочная званіца XVIII ст. каля Каложы відаць на малюнку Напалеона Орды. Яна ўжо стаіць асобна, з другога боку царквы.

Калоская царква са званіцай, XVIII стагодзьдзе. Малюнак Напалеона Орды. Выява з калекцыі Мечыслава Супрона
Калоская царква са званіцай, XVIII стагодзьдзе. Малюнак Напалеона Орды. Выява з калекцыі Мечыслава Супрона

«Двух’ярусная званіца квадратнай формы была ўстаноўлена збоку ад алтара. На пачатку ХХ стагодзьдзя яна перабудавана і ўяўляе сабой форму брамы — два стаўбы, перакрытыя невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне разьмешчаны званы», — расказаў газэце «Звязда» настаяцель Барысаглебскай царквы Аляксандар Балоньнікаў.

Сьвятар дадаў, што ў часы Расейскай імпэрыі на звоналіцейным заводзе братоў Усачовых для Каложы адлілі звон вагай амаль 3,5 тоны (210 пудоў). Гэтую інфармацыю знайшлі ў архіве.

Калі разабралі званіцу XVIII стагодзьдзя і дзе цяпер званы ад яе, невядома.

Малюнак Калоскай царквы са званіцай 1866 году. Аўтар Гразноў Васіль Іванавіч. З калекцыі Мечыслава Супрона
Малюнак Калоскай царквы са званіцай 1866 году. Аўтар Гразноў Васіль Іванавіч. З калекцыі Мечыслава Супрона

«Званіца будзе дысгарманаваць з царквой»

Гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон расказаў, што ня так са званіцай, якую будуюць каля Каложы.

«Па-першае, званіца будзе дысгарманаваць з Калоскай царквой, без патрэбы акцэнтаваць на сябе ўвагу. Па-другое, вельмі дзіўны густ архітэктараў і замоўцы, якія спраектавалі гэты аб’ект. Вельмі нагадвае павільён на базары з каванай абгародкай як на могілках. Вельмі спрэчны аб’ект, пазбаўлены якіх-небудзь мастацкіх вартасьцяў. Гэта нейкі кіч», — камэнтуе гісторык.

На ягоную думку, аптымальным рашэньнем было б аднавіць барочную званіцу XVIII стагодзьдзя, якую адлюстраваў на сваіх малюнках Напалеон Орда.

«Зробленая з дрэва і крытая гонтам, такая званіца прыгожа б дапаўняла архітэктуру храма, вяртала б страчаны гістарычны выгляд», — мяркуе спэцыяліст.

Мечыслаў Супрон зьвяртае ўвагу, што ў XVIII стагодзьдзі, калі пабудавалі гэтую званіцу, храм належаў базыльянам (уніятам).

«Для РПЦ уніяцтва — ідэалягічны вораг. РПЦ актыўна зьнішчае матэрыяльную ўніяцкую спадчыну (варта ўзгадаць зьнішчэньне барочнага алтара ў Жыровіцах), лепіць на барочныя храмы не характэрныя для нашага гісторыка-архітэктурнага асяродзьдзя залатыя цыбуліны», — кажа суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG