Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што ў Бабруйску сілавікі прыходзяць да людзей, якія былі затрыманыя пасьля выбараў ці былі на іх назіральнікамі.
У бабруйчан глядзяць тэлефоны і правяраюць падпіскі ў сацсетках. Праваабаронцам вядома пра сама меней 15 чалавек, да якіх прыходзілі міліцыянты.
У Менску за ўдзел у акцыі пратэсту на 3 гады «хатняй хіміі» асудзілі мастачку
У судзе Кастрычніцкага раёна Менска 8 лютага вынесены прысуд 32-гадовай мастачцы Ганьне Крук.
Жанчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія парушылі грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 КК, паведамляе «Вясна». Справу разглядала судзьдзя Іна Сівец.
Ганну затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 году ў кавярні «Маркс» у Менску. Праз два дні яе арыштавалі на 13 дзён у адміністрацыйнай справе паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаваньне»). Згодна з пратаколам, Ганна «дэманстравала карціну з БЧБ-сьцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асоб».
Сваёй віны Крук не прызнала і патлумачыла суду, што сапраўды разьмясьціла ў кавярні сваю карціну, але на ёй няма выявы бел-чырвона-белага сьцяга. Пасьля «сутак» яна ня выйшла на волю: яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе.
Пэнсіянэра асудзілі за ўдзел у Маршы – яго знайшлі па фатаздымку ў перапісцы знаёмай
9 лютага стала вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Менска 18 студзеня да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у кастрычніцкай акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзілі пэнсіянэра Васіля Рубцова, паведамляе «Вясна». Яго знайшлі па фатаздымку ў перапісцы яго знаёмай, калі аглядалі яе тэлефон.
Судзьдзя Марына Клімчук прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).