У судзе Савецкага раёну Менску 24 кастрычніка 2023 года асудзілі Міхаіла Антонава паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), паведамляюць праваабаронцы.
Судзьдзя Аляксандар Якунчыхін прызначыў Міхаілу 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Міхаіла апазналі на 11 фатаздымках з акцыі пратэсту, якія ён пераслаў у Viber. На іх Міхаіл знаходзіцца на праезнай частцы, а ў руках трымае бел-чырвона-белы сьцяг.
На шклозаводзе «Нёман» зноў затрыманьні
У Бярозаўцы на шклозаводзе «Нёман» прайшоў чарговы рэйд сілавікоў. Нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў затрымалі «больш за пяць чалавек», паведамляе адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.
Падобныя затрыманьні на прадпрыемстве неаднаразова праходзілі летась, былі затрыманыя дзясяткі чалавек.
На жыхара Берасьця, які паспрачаўся з мытнікам, выклікалі ГУБАЗіК і спэцназ
У пункце пропуску «Варшаўскі мост» на беларуска-польскай мяжы затрымалі 43-гадовага берасцейца, які ўступіў у спрэчку з мытнікам, бо той няправільна, на ягоны думку, ацаніў тавар, які ён перамяшчаў праз мяжу. У выніку мужчыну жорстка затрымлівалі сілавікі, піша «Белсат» з спасылкай на МУС Беларусі.
Затрымлівалі берасьцейца апэратыўнікі 6-га ўпраўленьня ГУБАЗіК, работнікі Берасьцейскай мытні і атрад спэцыяльнага прызначэньня «Шторм» унутраных войскаў МУС.
Як відаць на апэратыўным відэа, затрыманьне мужчыны праходзіла жорстка: яго павалілі на зямлю і начапілі кайданкі.
У паведамленьні МУС гаворыцца, што падчас сваркі з мытнікам мужчына «выказваў пагрозы прымяненьня гвалту ў дачыненьні службовай асобы». Таксама ў відэа чуваць словы берасьцейца, якому не падабаецца, што мытнік глядзіць на яго «зьедліва».
У выніку на мужчыну завялі крымінальную справу.