Указ Лукашэнкі падпісаны 1 лютага, а апублікавалі яго 3 лютага.
У Статут унутранай службы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спэцсродкі, баявую і спэцыяльную тэхніку пры выкананьні ўскладзеных на іх задач».
«Вайскоўцы... маюць права... прымяняць і выкарыстоўваць зброю з улікам наяўнай абстаноўкі, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэньня і асобы правапарушальніка... Аб раненьні або сьмерці грамадзяніна ў выніку прымяненьня вайскоўцам... зброі неадкладна ўведамляецца адпаведны пракурор, а таксама орган папярэдняга сьледзтва. Вайсковец не нясе адказнасьці за шкоду, прычыненую ў выніку прымяненьня... зброі, калі... прымяненьне або выкарыстаньне зброі ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі агульнавайсковых статутаў», — гаворыцца ў новай рэдакцыі Статута ўнутранай службы, зацьверджанай Лукашэнкам.
У статуце запісана, што патэнцыйнае прымяненьне «фізычнай сілы, спэцсродкаў, баявой і спэцыяльнай тэхнікі» і яго наступствы павінны быць дакладна зразумелыя чалавеку, супраць якога будуць прымененыя, і вайсковец павінен аказаць гэтаму чалавеку пасьля раненьня мэдычную дапамогу.
Раней Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі», 6 студзеня дакумэнт быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пункт, які тычыцца ўжываньня зброі супраць жанчын і людзей з інваліднасьцю, зьмянілі. Раней ужываць зброю можна было ў парадку выключэньня, калі чыніцца ўзброены напад. У новай рэдакцыі зброю супраць жанчын, дзяцей і інвалідаў дазволілі прымяняць і ў «выпадках аказаньня імі збройнага супраціву, зьдзяйсьненьня збройнага альбо групавога нападу ці іншых дзеяньняў, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю людзей».
Прынятыя папраўкі дазваляюць прыцягваць да «контратэрарыстычнай дзейнасьці» інкасатарскія службы. Інкасатарам могуць даручыць ахову аб’ектаў, суправаджэньне транспарту і гарантаваньне бясьпекі людзей. Ужываць сілу і зброю яны змогуць нароўні з ваенізаванай аховай.
Падпісаныя папраўкі набылі моц з 1 студзеня 2024 году.
Пасьля таго як папраўкі ў закон прыняла Палата прадстаўнікоў, СМІ паведамлялі, што паводле апублікаванай на pravo.by новай рэдакцыі закону супрацоўнікі КДБ таксама атрымаюць права страляць у натоўпе і ў кірунку складоў з запальнымі рэчывамі, але ў апублікаваным 6 студзеня дакумэнце гаворкі пра гэта няма, а ранейшы дакумэнт больш не даступны.