Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца новы палігон для сьмецьця. Адзіны дзейны могуць закрыць ужо сёлета


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Будаўніцтва трэцяй чаргі палігону цьвёрдых камунальных адходаў «Трасьцянецкі» плянуюць пачаць у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2024 году.

Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміў дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панеў. Ён лічыць, што ўжо паўстала вялікая неабходнасьць у палігоне.

Паводле Менскага гарадзкога камітэту прыроды, з 2019 году ў Менску ёсьць толькі адзін дзейны палігон ТКА «Трасьцянецкі», праектны тэрмін эксплюатацыі якога — 2007–2025 гады. Цяпер магутнасьці аб’екта запоўнены ўжо на 94%, таму яго закрыцьцё прагназуецца ўжо сёлета.

Праектам прадугледжана будаўніцтва палігону магутнасьцю 6 млн кубамэтраў на год з прыладай агульнай сыстэмы збору і ачысткі фільтрату. Хоць разьліковы тэрмін рэалізацыі гэтага праекту складае 1,5 года, ажыцьцявіць яго пастараюцца як мага хутчэй.

У якасьці арыентыру ўзялі тэрмін будаўніцтва сьмецьцесартавальнага заводу ў сталіцы — да канца 2024 году. Абодва аб’екты будуць побач.

Сьмецьцеперапрацоўчы завод зьявіцца пасьля рэканструкцыі існага сьмецьцесартавальнага комплексу паблізу палігону «Трасьцянецкі». Пасьля рэканструкцыі тут здолеюць зьбіраць да 600 тысяч тон адходаў на год. На заводзе будуць сартаваць сьмецьце, вырабляць RDF-паліва і тэхнічны грунт.

Трэцюю чаргу палігону плянавалі будаваць яшчэ ў траўні 2020 году, але прайшло амаль чатыры гады, і толькі цяпер плян могуць пачаць увасабляць. Тады, паводле прагнозу, рэзэрвы другой часткі палігону мелі скончыцца яшчэ ў 2022 годзе.

Сёньня ўсё сьмецьце Менску звозяць на адзіны дзейны палігон для пахаваньня цьвёрдых камунальных адходаў «Трасьцянецкі», заснаваны ў 2007 годзе. 1 кастрычніка 2017 году закрылі палігон «Паўночны», 4 кастрычніка 2019 году — палігон «Прудзішча».

У верасьні 2016 году палігон «Трасьцянецкі» пашырылі — здалі ў эксплюатацыю другую чаргу. У выніку агульная плошча гэтага гарадзкога сьметніка склала 30 га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG