На ягоную думку, «гэтая псыхалёгія, што нам нехта дапаможа, вельмі глыбока ўкаранілася ў Беларусі», але ў заходніх краін «свае інтарэсы». Перамен магчыма дасягнуць толькі тады, калі зьявіцца ўласны «моцны рух».
«Нас у Польшчы 120 тыс. налічылі. Але мы — эміграцыя. Палова ці больш за палову тут проста выжываюць. Вялікіх пэрспэктыў тут няма. Нашыя пэрспэктывы — там, [унутры Беларусі]», — цытуе палітыка «Позірк».
«Самае галоўнае — гэта людзі, якія засталіся ў Беларусі, — дадаў ён. — Я маю кантакты з такімі людзьмі. Я вам скажу, што вельмі шмат людзей толькі чакаюць зручнага моманту, [каб паўстаць]. Лукашэнку ніхто не падтрымлівае. Ну, як ніхто? 20%, напэўна, падтрымлівае. Улічваючы бюракратыю».
Важным складнікам змагання з дыктатурай Пазьняк назваў полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Ўкраіну.
«Можа, гэтая сіла не ўступіць у барацьбу, але важна, каб яна была. Таму наша пазіцыя — мы абапіраемся на полк усімі магчымымі сродкамі. Дапамагаем, збіраем грошы, на пікапы, аўтобусы, дроны і гэтак далей. У гэтым наша вялікая надзея. Без войска, без узроенай сілы тут нічога не зробім», — сказаў Пазьняк.