Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшлі электронную пошту і нумар тэлефона Мікалая Лукашэнкі. Даведаліся, што ён робіць у інтэрнэце


Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі на парадзе ў Маскве, 24 чэрвеня 2020
Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі на парадзе ў Маскве, 24 чэрвеня 2020

Журналісты тэлепраекту «Настоящее время. Беларусь» і расьсьледніцкага праекту «Сыстэмы» даведаліся адрас электроннай пошты Мікалая Лукашэнкі і нік, якім ён карыстаецца ў інтэрнэце.

E-mail знайшоўся на сайце Іванаўскага дзяржаўнага энэргетычнага ўнівэрсытэту імя Леніна. У красавіку 2022 году там праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, у якой бралі ўдзел студэнты БДУ. На фота- і відэаматэрыялах з канфэрэнцыі Мікалая няма, але ў сьпісе ўдзельнікаў на сайце ўнівэрсытэту ёсьць запіс пра Лукашэнку Мікалая Аляксандравіча, студэнта 49-й групы біяфаку БДУ. Тамсама быў пададзены адрас электроннай пошты Мікалая — nik20121314@gmail.com.

Да гэтай пошты прывязаная яшчэ адна з такім жа нікнэймам, але на іншым паштовым сэрвісе, а таксама беларускі нумар тэлефона зь пяцьцю нулямі ў канцы.

«Уладальнік гэтага нумара называе сябе Нік і з 2020 году знаходзіцца ў праўладнай групе „За Беларусь“ у Тэлеграме», — расказваюць журналісты.

На застаўцы ў Вайбэры ў гэтага карыстальніка стаіць фота, зьнятае з паветра. Журналісты высьветлілі, што гэта раён каля Астрашыцкага гарадка, а за кілямэтар ад гэтага месца знаходзіцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі «Азёрны».

Калі Мікалай быў школьнікам, карыстальнік пад нікам nik20121314 дзяліўся рашэньнямі школьных задач на адукацыйных сайтах. Карыстальнік з такім нікам быў таксама зарэгістраваны ў Instagram, але цяпер акаўнт выдалены. Сярод ягоных падпісак была праўладная старонка victoriiabelarus. Акаўнт nik20121314 зарэгістраваны і ў Pinterest. У гэтай сацсетцы ў яго чатыры падпісчыкі.

«Настоящее время, Беларусь» высьветліла і тое, што Мікалай Лукашэнка любіць кампутарныя гульні: «На гульнявой плятформе Steam мы знайшлі чалавека з тым самым унікальным нікам, які ніхто больш не выкарыстоўвае ў інтэрнэце, а таксама даведаліся, што Мікалай захапляецца гульнёй у „Сталкер“».

Журналісты спрабавалі патэлефанаваць па нумары, прывязаным да гэтых акаўнтаў, але ніхто ня ўзяў слухаўку і не адказаў у ніводным з мэсэнджараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG