Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў 19 студзеня, што новая ваенная дактрына Беларусі «можа служыць асновай для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Эўропе, запуску мірнага дыялёгу».
«Найперш мы прадэманстравалі ў ёй зацікаўленасьць Рэспублікі Беларусь у аднаўленьні ўплыву міжнародных арганізацый бясьпекі, такіх як ААН, АБСЭ і іншыя, эфэктыўным іх функцыянаваньні ў папярэджаньні і разьвязаньні ўзброеных сутыкненьняў», — заявіў Віктар Хрэнін на брыфінгу ў Менску 19 студзеня.
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, Віктар Хрэнін сказаў, што ў праекце ваеннай дактрыны, якую мае зацьвердзіць «усебеларускі народны сход», гаворыцца аб адкрытасьці Беларусі да супрацы ў вайсковай сфэры зь любымі дзяржавамі.
«У тым ліку і дзяржавамі NATO мы гатовыя аднавіць прагматычны дыялёг пры ўмове спыненьня імі агрэсіўнай рыторыкі і дзеяньняў у дачыненьні да нас», — заявіў міністар абароны.
Пра ядзерную зброю
Віктар Хрэнін падкрэсьліў, што «разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі разглядаецца як важны складнік прэвэнтыўнага стрымліваньня патэнцыйных праціўнікаў ад разьвязаньня ўзброенай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь».
«Гэта наша вымушаная мера», — перакананы ён.
«Я яшчэ раз усім заяўляю, ворагаў у нас няма. У сваёй палітыцы мы ні на кога азірацца і падладжвацца не зьбіраемся. У нас ёсьць інтарэсы нашых народаў, ёсьць узаемныя саюзныя абавязаньні. І толькі гэтыя чыньнікі будуць галоўнымі ў нашых рашэньнях і дзеяньнях, як самастойна, так і ў рамках саюзнай дзяржавы», — заявіў Віктар Хрэнін.
Пра сілы і сродкі абароны
Міністар абароны Беларусі заявіў аб гатоўнасьці абараняцца «ўсімі сіламі і сродкамі, у тым ліку з нашымі вайсковымі хаўрусьнікамі па саюзнай дзяржаве і АДКБ».
«На нашу думку, ухваленьне абноўленай дактрыны дазволіць, па-першае, данесьці да міжнароднай супольнасьці міралюбную палітыку і адсутнасьць варожасьці да каго-небудзь, і адначасова абазначыць дакладны паслы — мы гатовыя абараняць сваю краіну ўсімі сіламі і сродкамі, у тым ліку з нашымі вайсковымі хаўрусьнікамі па саюзнай дзяржаве і АДКБ», — сказаў Віктар Хрэнін.