Начальнік Сьледчага ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Канстанцін Бычак заявіў аб выяўленьні на беларускай тэрыторыі «сеткі ўкраінскіх агентаў, якія займаліся перакіданьнем выбуховых рэчываў і зброі.
«У часе расьсьледаваньня вызначаны і сканфіскаваныя схованкі з выбуховымі рэчывамі. Атрымалі зьвесткі аб іх магчымым выкарыстаньні пры падрыхтоўцы і ўчыненьні выбухаў на прадпрыемствах нафтаперапрацоўчай прамысловасьці, падрыхтоўцы ўчыненьня забойстваў дзяржаўных дзеячаў і журналістаў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Канстанціна Бычака. Гэтую заяву ён зрабіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».
Адзначаецца, што КДБ «вызначыў асобы куратараў зь ліку супрацоўнікаў спэцслужбаў Украіны, якія кіравалі дзейнасьцю злачыннай групы». Сьледчае ўпраўленьне КДБ завяло справу.
«У дзеяньнях фігурантаў ёсьць прыкметы такіх злачынстваў, як здрада дзяржаве, агентурная дзейнасьць і акт тэрарызму. Санкцыя апошняга артыкула прадугледжвае пакараньне ў выглядзе сьмяротнага пакараньня», — адзначаецца ў паведамленьні.
У тэлевізіным матэрыяле паведамляецца, што затрымалі ўкраінскага агента пад пазыўным «Мангуст». Ён пэўны час жыў ва Ўкраіне і працаваў егерам, а потым пераехаў у Беларусь, дзе ажаніўся. Але потым зноў вярнуўся ва Ўкраіну.
У матэрыяле выкарыстаны відэазапіс з допыту, на якім затрыманы пэрыядычна адказвае па-ўкраінску. Ён прадставіўся як Вячаслаў Барадзій. У матэрыяле таксама згадваецца яшчэ адзін грамадзянін Украіны, Сяргей Неўмяржыцкі.
Свабода зьвярнулася па камэнтар ў Службу бясьпекі Ўкраіны.
Гэта ня першая заява, у якой сілавыя органы Беларусі абвінавачваюць Украіну ў пастаўцы зброі ў Беларусь і падрыхтоўцы «баевікоў» для зьмены ўлады ў Беларусі.
У пачатку студзеня дзяржаўныя СМІ паведамілі аб «фільтрацыйнай працэдуры» ў Беларусі для трох колішніх украінскіх вайскоўцаў.