Вучэньні «Стойкі абаронца» пройдуць у Нямеччыне, Польшчы і краінах Балтыі. Амэрыканскія СМІ раней паведамлялі, што вайскоўцы будуць адпрацоўваць сцэнар абароны пры расейскім уварваньні.
Падчас манэўраў альянс прадэманструе здольнасьць умацаваць эўраатлянтычную зону, перакідаючы сілы з Паўночнай Амэрыкі праз Атлянтыку, цытуе агенцтва Reuters галоўнакамандуючага Аб’яднанымі войскамі NATO ў Эўропе Крыстафэра Кавалі.
У 2023 годзе краіны NATO правялі ў Эўропе найбуйнейшыя ў гісторыі альянсу паветраныя вучэньні. Гэта адбылося пасьля пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Многія заходнія палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, рабілі дапушчэньне, што Расея можа напасьці на адну з краін альянсу ў выпадку, калі дабʼецца посьпеху ва ўкраінскай вайне.
Масква такія пляны адмаўляе. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у сьнежні заявіў, што Расея ня мае «рэзону» і «цікавасьці» для вайны з NATO. Пры гэтым Пуцін і крамлёўскія чыноўнікі публічна адмаўлялі магчымасьць увядзеньня войскаў ва Ўкраіну перад пачаткам маштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году.