«Я дапамагаў Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны ажыцьцяўляць розныя мерапрыемствы, якія былі накіраваныя на будучыню, каб на выпадак вайны ў нас было менш пагроз і атак, у тым ліку і з боку Беларусі, хоць супраца была шырэйшая», — сказаў Свабодзе Сямён Сяменчанка, камэнтуючы вырак, абвешчаны 17 кастрычніка ў «справе Аўтуховіча».
Сямён Сяменчанка дадаў, што супраца не прадугледжвала ніякага «гандлю зброяй і яе перамяшчэньня», як у сваім выступе на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі заявіў Аляксандар Лукашэнка і як нібыта сьцьвярджаецца ў абвінавачаньні Аўтуховічу і ягонай групе.
«Там не было ніякіх дзеяньняў, якія можна было трактаваць як дзеяньні, накіраваныя супраць беларускай дзяржавы, таму што мова ішла выключна аб супрацьдзеяньні магчымай агрэсіі Расеі, аб тым, каб людзі, якія змагаюцца за свае правы ў Беларусі, маглі сябе абараніць і ня сталі мясам для беларускіх спэцпрызначэнцаў, як у нас на Майдане, каб беларуская грамада магла скарыстацца нашым досьведам па стварэньні добраахвотных батальёнаў і самаабароны. Нейкіх дзеяньняў і задумаў, накіраваных на тэрарызм, на здраду інтарэсам беларускай дзяржавы не было ніякіх. Усё разглядалася як супрацьдзеяньне магчымай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліў Сямён Сяменчанка.
Экс-камандзір украінскага добраахвотніцкага батальёну «Данбас» дадаў, што сустракаўся зь Мікалаем Аўтуховічам, «зьвёў яго з прадстаўнікамі Галоўнага ўпраўленьня выведкі, але потым ужо не падтрымліваў зь ім сувязі».
«Там не было ніякіх незаконных дзеяньняў. Ніхто ім ніякай зброі не перадаваў. На тэрыторыі Ўкраіны ўсё было законна. Я нават вельмі зьдзівіўся, калі ў іх там знайшлі нейкую зброю і яшчэ там нешта», — адзначыў Сямён Сяменчанка.
Экс-камандзір украінскага добраахвотніцкага батальёну «Данбас» падкрэсьліў, што хоць ён больш як год адседзеў у сьледчым ізалятары, ён адмовіўся даваць любыя адказы на пытаньні, выкладзеныя ў даручэньні КДБ Беларусі па «справе Аўтуховіча».
«Мяне па гэтым даручэньні КДБ Беларусі спрабавалі дапытваць. Я адмовіўся, але, падобна, некага іншага дапыталі. Бо я сачыў за працэсам і бачыў, як абвяшчалі ў судовым працэсе ў Горадні вынікі супрацы і адказы ўкраінскіх спэцслужбаў на запыты беларускага КДБ. Я так разумею, што кагосьці яны знайшлі і дапыталі. Цікавіліся, з кім Аўтуховіч сустракаўся, хто ўласьнік кватэр, дзе ён жыў, якія вайсковыя часткі наведваў, каму належаць пэўныя нумары тэлефонаў... І потым я даведваюся, што тэлефонныя размовы запісваліся і перадаваліся беларускаму КДБ. Натуральна, што гэта трэба было запытваць у СБУ, беларускае КДБ ня можа само прыехаць і забраць гэтыя запісы», — удакладніў Сямён Сяменчанка.
Экс-камандзір украінскага добраахвотніцкага батальёну «Данбас» зьвярнуў увагу на тое, што цяпер прадстаўнікі пракуратуры і СБУ, якія фабрыкавалі супраць яго крымінальную справу, звольненыя з пасад як прафнепрыдатныя або «палітычна вінаватыя ў перанасычанасьці спэцслужбаў агентамі Крамля», а іншым нават выстаўленыя падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе.
«Усё адно да аднаго — супраца некаторых нашых людзей з нашых спэцслужбаў з Лукашэнкам, гандаль бітумам — гэта было больш цікава, чым дзеяньні ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. Мяркую, што ня проста так тыя зьвесткі, якія тут былі вядомыя толькі нашым спэцслужбам па Аўтуховічу, апынуліся ў распараджэньні КДБ. Цяпер людзі звольненыя, заведзеныя справы і іншае, і ў нас гэта скончыцца, бо ў нас ніводнага пасяджэньня, па сутнасьці, не было. Але Аўтуховічу ад гэтага не весялей — 25 гадоў [пазбаўленьня волі]... Дай Божа, каб нешта зьмянілася... Гніць зажыва ў клетках — гэта ня вельмі добра», — мяркуе ён.
«Мне невядома, каб Аўтуховічу давалі нейкія заданьні супраць некага ажыцьцяўляць тэрарыстычную дзейнасьць і гэтак далей. Адзінае, у чым нашы інтарэсы супадалі, — Беларусь не павінна стаць базай для агрэсіі супраць Украіны, і пажадана, калі беларускі народ знайдзе магчымасьць зьмяніць кіраўніцтва і абраць тое, якое будзе ставіцца да Ўкраіны прыязна, а ня як „ежа для Пуціна“, то гэта было б добра. Але ніхто ніякай зброі ніадкуль не пастаўляў», — падкрэсьліў Сямён Сяменчанка.
Украінскі добраахвотнік паведаміў, што цяпер ягоную справу суд не разглядае — усе яе фігуранты цяпер ваююць на ўкраінскіх франтах, і сам ён нават ва ўмовах абмежаваньня «начным арыштам» таксама пэрыядычна выяжджае ў раёны актыўных баявых дзеяньняў.
«Я прайшоў ужо ўсе праверкі для працы ва ўпраўленьні выведкі. І зьбіраюся ісьці ваяваць. Спадзяюся, што начны арышт не перашкодзіць, бо калі мяне мабілізуюць, то будзем увогуле зьвяртацца ў суд па яга скасаваньне. Мяне ж ужо адпускалі на фронт некалькі разоў. Адмысловы ліст рабіла Галоўнае ўпраўленьне выведкі ў суд, а суд выдаваў дазвол на выезд на фронт для вядзеньня баявых дзеяньняў, плянаваньня баявых апэрацый, у Бахмут. Усе ведаюць, што я ніякі не тэрарыст і не злачынец, але вось такая сыстэма ў нас», — паведаміў экс-камандзір украінскага добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка.