Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль у Міжнародным судзе ААН адмаўляе абвінавачаньні ў генацыдзе


У Міжнародным судзе ААН у Гаазе.
У Міжнародным судзе ААН у Гаазе.

Ізраіль у Міжнародным судзе ААН у Гаазе адмаўляе абвінавачаньні ў генацыдзе палестынцаў у сэктары Газа.

Дарадца ізраільскага МЗС Таль Бэкер назваў вэрсію пазоўнікаў «вельмі моцна скажонай». Ён заявіў, што акты генацыду ўчыніў ХАМАС супраць ізраільцянаў.

Ізраіль сьцьвярджае, што вядзе ў сэктары Газа вайну з падразьдзяленьнямі ХАМАС — групоўкі, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, — а не з палестынцамі як такімі. Вялікую колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва Ізраіль тлумачыць тым, што ХАМАС наўмысна разьмяшчае свае вайсковыя аб’екты сярод цывільнай інфраструктуры, у тым ліку ў жылых дамах, мячэцях і шпіталях, і выкарыстоўвае цывільнае насельніцтва ў якасьці жывога шчыта.

Бекер нагадаў суду пра напад ХАМАС на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка мінулага году, калі загінулі каля 1200 ізраільцян, пераважна цывільных жыхароў, больш за 200 былі ўзятыя ў закладнікі. Ён падкрэсьліў, што баевікі ХАМАС дзейнічалі зь нечуванай жорсткасьцю, забіваючы, гвалтуючы і катуючы ізраільцян, у тым ліку дзяцей і старых. Заклікі да Ізраілю спыніць вайну ў Газе, на яго думку, раўназначныя заклікам пазбавіць Ізраіль права на самаабарону і прымусіць адмовіцца ад абавязкаў па абароне сваёй краіны і яе грамадзян.

«Неверагодныя пакуты мірных жыхароў — як ізраільцян, так і палестынцаў, — у першую чаргу вынік дзеяньняў ХАМАС, яго стратэгіі», — сказаў Бэкер.

Дарадца Міністэрства юстыцыі Ізраілю прафэсарка Галіт Рагуан прадставіла ў судзе дакумэнтальныя фота ракет і ракетных установак ХАМАС, знойдзеных ізраільскімі вайскоўцамі ў жылых дамах і на дахах будынкаў місіі ААН у Газе, а таксама вайсковых тунэляў пад шпіталем Аль-Шыфа. «У кожным шпіталі, які абшукаў ЦАХАЛ (армія Ізраілю), былі знойдзеныя сьляды вайсковай прысутнасьці», — заявіла яна. Рагуан падкрэсьліла, што ЦАХАЛ імкнецца зьвесьці да мінімуму страты сярод цывільных, загадзя папярэджваючы пра абстрэлы і рэкамэндуючы пакінуць небясьпечныя раёны.

  • Слуханьні па абвінавачаньні Ізраілю ў генацыдзе пачаліся ў Міжнародным судзе ААН у чацьвер, 11 студзеня. Пазоў падалі ў сьнежні прадстаўнікі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР). ПАР імкнецца даказаць, што дзеяньні Ізраілю выходзяць за рамкі самаабароны і носяць прыкметы генацыду. У прыватнасьці, пазоўнікі адзначаюць вялікую колькасьць загінулых палестынцаў, прымусовае перамяшчэньне, спыненьне паставак харчаваньня, абмежаваньне нараджальнасьці праз аблогу шпіталяў. ПАР мае намер дамагацца ад суду прыняцьця забесьпячальнай пастановы, якая абавяжа Ізраіль неадкладна спыніць баявыя дзеяньні.
  • Паводле дадзеных падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, з прычыны ізраільскіх нападаў у сэктары загінулі больш за 23 тысячы палестынцаў, большасьць зь якіх — жанчыны і дзеці. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма.
  • Генацыдам, паводле вызначэньня Канвэнцыі аб генацыдзе 1948 году, лічацца дзеяньні, накіраваныя на поўнае або частковае зьнішчэньне той ці іншай нацыянальнай, этнічнай, расавай ці рэлігійнай групы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG