Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе пачаўся суд па абвінавачаньнях Ізраілю ў генацыдзе жыхароў Газы


На паседжаньні суду ў Гаазе, 11 студзеня 2024
На паседжаньні суду ў Гаазе, 11 студзеня 2024

У нідэрляндзкай Гаазе пачалося пасяджэньне Міжнароднага суду ААН па абвінавачаньнях Ізраілю ў генацыдзе жыхароў сэктару Газа. З пазовам у суд зьвярнулася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

З кастрычніка мінулага году ізраільскае войска праводзіць у Газе ваенную апэрацыю супраць палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе. Падчас ваенных дзеяньняў загінулі тысячы палестынцаў.

Падставай для ваенных дзеяньняў у Газе стаў напад джыхадыстаў на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Загінулі больш за 1400 чалавек. Больш за 200 чалавек былі выкрадзеныя і вывезеныя ў Газу. Частку закладнікаў — у асноўным жанчын і дзяцей — пасьля вызвалілі ў абмен на палестынскіх зьняволеных у Ізраілі. Паводле апошніх зьвестак, ХАМАС па-ранейшаму трымае ў Газе больш за 100 закладнікаў.

Паводле зьвестак падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, праз ізраільскія напады ў сэктары загінулі больш за 23 тысячы палестынцаў, большасьць зь якіх — жанчыны і дзеці. Многія краіны абвінавачваюць Ізраіль у жорсткасьці. Ізраільскае войска ўскладае адказнасьць за гібель мірных жыхароў на ХАМАС. Ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што джыхадысты разьмяшчаюць сваю інфраструктуру сярод цывільных пабудоў і выкарыстоўваюць насельніцтва як жывы шчыт.

Паводле зьвестак ААН, колькасьць змушана перамешчаных асоб у палестынскім анкляве набліжаецца да двух мільёнаў. Гэта больш за 85% насельніцтва сэктару Газа.

Абвінаваўчае заключэньне займае больш за 80 старонак. ПАР імкнецца даказаць, што дзеяньні Ізраілю выходзяць за рамкі самаабароны і носяць прыкметы генацыду. У прыватнасьці, пазоўнікі адзначаюць вялікую колькасьць загінулых палестынцаў, прымусовае перамяшчэньне, спыненьне паставак харчаваньня, абмежаваньне нараджальнасьці ў сувязі з аблогай бальніц.

ПАР мае намер дамагацца ад суду прыняцьця пастановы, якая абавяжа Ізраіль неадкладна спыніць баявыя дзеяньні.

Выступ прадстаўнікоў Ізраілю заплянаваны на пятніцу, 12 студзеня.

У першы дзень судовага працэсу ў Гаазе сотні чалавек з ізраільскімі сьцягамі і партрэтамі закладнікаў выйшлі на вуліцы гораду і рушылі ў бок суду.

Прапалестынскія актывісты таксама праводзяць дэманстрацыю. Удзельнікі трымаюць плякаты з заклікамі спыніць забойствы ў сэктары Газа.

За акцыямі сочаць сотні паліцыянтаў. Зь серады ў Гаазе ўзмоцненыя меры бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG