«Але якога цуду чакаюць беларусы сёньня? Многія з вас пэўна адкажуць: убачыць і абняць блізкіх, якіх няма побач, вярнуцца дадому і адчуваць сябе ў бясьпецы, жыць у свабоднай, квітнеючай краіне, а не шукаць бліжэйшага месца для эміграцыі, атрымліваць за працу дастойную ўзнагароду і ні ў чым не мець патрэбы», —сказала яна.
На думку палітыка, падобныя жаданьні — «не нешта фантастычнае ці чароўнае», гэта «рэальнасьць, якую заслугоўвае кожны з нас».
«І толькі нам з вамі па сілах гэтую рэальнасьць пабудаваць, важна толькі не апускаць рукі, дапамагаць адзін аднаму і працягваць працу дзеля агульнай мэты», — дадала Ціханоўская з зычэньнем беларусам «сіл, сьмеласьці і веры ў сябе, каб увасобіць у жыцьцё» тое, пра што яны больш за ўсё мараць.
Раство па юліянскім календары, якое прыпадае на 7 студзеня, сьвяткуюць у Расейскай праваслаўнай царкве (РПЦ), да якой адносіцца Беларускі экзархат, а таксама ў Іерусалімскай, Грузінскай, Сэрбскай, часткова Польскай цэрквах.
Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысьціянскай канфэсіяй. Расейская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 1.733 прыходы ў 15 эпархіях, адкрыта 1.848 храмаў, на этапе будаўніцтва — 158.