У паведамленьні Агенцтва па супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі, якое ўваходзіць у склад Пэнтагону, гаворыцца, што дзяржсакратар Энтані Блінкен спаслаўся на «надзвычайную сытуацыю».
Абставіны патрабуюць тэрміновага продажу ізраільскаму ўраду ваеннай тэхнікі на суму каля 147,5 мільёна даляраў, гаворыцца ў паведамленьні. Адзначаецца, што рашэньне не прадугледжвае папярэдняй ухвалы амэрыканскімі заканадаўцамі.
Такая мера прымаецца ў адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі Злучаных Штатаў, падкрэсьлілі ў агенцтве.
9 сьнежня Блінкен зрабіў аналягічны крок у дачыненьні да Ізраілю, які цяпер ваюе зараз супраць палестынскай групоўкі ХАМАС, якая прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе.
- У апошнія дні ізраільскія вайскоўцы абстрэльваюць з танкаў і з паветра пазыцыі джыхадыстаў на поўдні сэктару Газа, у Хан-Юнісе. Ізраіль называе гэтую тэрыторыю апорай баевікоў ХАМАС. ЦАХАЛ паведамляе таксама аб нанясеньні ўдараў па цэлях у іншых частках сэктару і гібелі «дзясяткаў тэрарыстаў» у горадзе Газа.
- Падкантрольныя ХАМАС органы аховы здароўя сэктару Газа заявілі, што ў выніку ізраільскіх удараў за апошнія суткі загінулі яшчэ 187 палестынцаў, што павялічыла агульную колькасьць ахвяраў да 21507 чалавек. Гэта прыкладна 1 працэнт насельніцтва Газы, адзначае «Голас Амэрыкі».
- Па меры пашырэньня Ізраілем баявых дзеяньняў свае дамы вымушаны пакідаць дзясяткі тысяч жыхароў. Масавыя перамяшчэньні насельніцтва ўзмацнілі распаўсюджваньне хваробаў. Прытулкі перапоўненыя, лекаў не хапае, магчымасьці для асабістай гігіены вельмі абмежаваныя, сыстэма аховы здароўя перагружаная, вынікае са справаздач ААН.
- Міжнародная арганізацыя таксама ўказвае, што аб’ём дапамогі, якая паступае ў сэктар Газа, застаецца «вельмі недастатковым», хоць Ізраіль настойвае, што не абмяжоўвае пастаўкі, але ёсьць праблема ў іх распаўсюджваньні, перадае ВВС.
- Ізраільская армія пачала апэрацыю ў сэктары Газа з мэтай поўнай ліквідацыі патэнцыялу ХАМАС пасьля нападу джыхадыстаў на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады ў Ізраілі былі забітыя каля 1200 чалавек, у тым ліку 850 мірных жыхароў. Каля 250 былі ўзятыя ў закладнікі.