Падаражэе камуналка
Тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі пераглядаюць двойчы на год — з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Наколькі вырасьце камуналка з 1 студзеня 2024 году, пакуль не агучылі. Згодна з ранейшым указам Лукашэнкі, рост цэнаў на камунальныя паслугі адвязалі ад даляра і прывязалі да базавай велічыні: рост не павінен перавышаць 0,5 базавай велічыні (або 20 рублёў, бо на 1 студзеня 2024 году памер базавай велічыні складзе 40 рублёў).
Раней рост камуналкі абмяжоўвалі даляравым эквівалентам: за год сярэднестатыстычная жыроўка на двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі магла «падаражэць» ня больш як на 5 даляраў.
Вырасьце падатак на першую кватэру
З 2024 году ў Беларусі вырасьце памер разьліковага кошту квадратнага мэтру тыпавога капітальнага будынка — гэта прывядзе да росту падатковых ставак за першую кватэру, бо памер падатку складае 0,1% ад кошту квадратнага мэтра (у залежнасьці ад населенага пункту), памножаную на колькасьць квадратных мэтраў жытла.
У 2024 годзе кошт 1 квадратнага мэтра жылога памяшканьня ў шматкватэрным жылым доме вырасьце:
- для Менску — да 968 рублёў (цяпер 900 рублёў),
- для абласных гарадоў і Менскага раёну — да 806 рублёў (цяпер 750),
- для Баранавічаў, Бабруйска, Барысава, Ваўкавыска, Горак, Дзяржынска, Жлобіна, Жодзіна, Кобрына, Крычава, Ліды, Мазыра, Маладэчна, Наваградка, Наваполацка, Воршы, Асіповічаў, Пінска, Полацка, Рэчыцы, Сьветлагорска, Слоніма, Слуцка, Смалявічаў, Смаргоні, Салігорска, Фаніпаля — да 710 рублёў (цяпер 660).
- для астатніх населеных пунктаў — да 538 рублёў (цяпер 500).
Так, напрыклад, замест 45 рублёў за двухпакаёвую кватэру ў Менску плошчай 50 м² давядзецца заплаціць 48,4 рубля. За кватэру такой жа плошчы ў абласных цэнтрах і Менскім раёне падатак вырасьце з 37,5 руб. да 40,3 руб.
Вырасьце базавая велічыня
Памер базавай велічыні з 1 студзеня павялічыцца да 40 рублёў (цяпер — 37).
Ад памеру базавай велічыні залежаць сацыяльныя выплаты (дапамога па беспрацоўі, іншыя выплаты беспрацоўным), абавязковыя адлічэньні ў рэспубліканскі бюджэт (дзяржаўныя пошліны ў ЗАГСе, БТІ, судах і іншых арганізацыях), штрафы, некаторыя падаткі і зборы (рамесны збор, падатак на сабак) і гэтак далей. Яны таксама павялічацца.
Вырасьце мінімальны заробак
З 1 студзеня 2024 году мінімальны заробак вырасьце на 72 рублі, або 13%, і складзе 626 рублёў.
У 2023 годзе памер мінімальнага заробку складаў 554 рублі і ні разу не індэксаваўся. У 2022-м памер «мінімалкі» мяняўся 5 разоў.
Мінімальны заробак — гэта самы нізкі парог аплаты працы ў Беларусі, менш за які арганізацыі і прадпрыемствы ня могуць плаціць супрацоўнікам. Выключэньнем зьяўляюцца працоўныя адносіны паводле дамовы падраду.
Вырастуць заробкі бюджэтнікаў
З пачатку 2024 году ў Беларусі на 6,4% павысіцца памер базавай стаўкі — з 235 да 250 рублёў.
Базавая стаўка прымяняецца для разьліку аплаты працы работнікаў бюджэтнай сфэры (настаўнікаў, мэдыкаў, бібліятэкараў, прадстаўнікоў культурнай сфэры і інш.), якія таксама вырастуць адпаведна.
Заробак у два этапы, гібрыдная праца
З 1 студзеня ў Беларусі пачне працаваць абноўлены Працоўны кодэкс. Новаўвядзеньні, сярод іншага, прадугледжваюць выплату заробкаў не радзей як двойчы на месяц: аванс і потым зарплата. Цяпер заробак работнікам выплочваюць раз на месяц.
Яшчэ ў кодэксе зьявіцца такое паняцьце, як гібрыдная праца. Супрацоўнікі, напрыклад, офісных арганізацый змогуць чаргаваць працу ў офісе і дыстанцыйную працу (напрыклад, з дому).
Падвысяць працоўны стаж для атрыманьня пэнсіі
У Беларусі працягваецца пенсійная рэформа, распачатая ў 2017 годзе. З 1 студзеня 2024 году ў рамках яе чарговы раз на паўгода вырасьце страхавы стаж, які трэба назапасіць для таго, каб пачаць атрымліваць працоўную пэнсію. Ён складзе 19,5 гадоў.
Акрамя таго, у 2024 годзе для разьліку пэнсіі будуць улічваць заробак за апошнія 30 гадоў (годам раней — за 29 гадоў).
У наступным годзе пэнсіі па ўзросьце ў Беларусі павінны вырасьці на 15%.
Падатак для багацьце і падвышаная стаўка для ІП
У пачатку 2024 году ў рамках зьменаў у Падатковы кодэкс у Беларусі зьявіцца так званы падатак на багацьце. Тыя, хто атрымлівае больш за 200 тысяч беларускіх рублёў у год, будуць абавязаныя заплаціць падаходны падатак 25%. Звычайная стаўка, якую работнікі плацяць са свайго заробку, — 13%. Паводле Мінфіну, абавязак выплачваць павышаны падатак закране каля 2 тысяч чалавек.
Акрамя падатку для багатых, уводзіцца і падвышаная стаўка для ІП — 30% пры валавой выручцы больш за 500 тысяч рублёў за год. Акрамя таго, у такім выпадку ў наступным годзе прадпрымальнік павінен будзе трансфармаваць сваю дзейнасьць у юрыдычную асобу.
Выходны на мэдыцынскі агляд
Дзякуючы зьменам у Працоўны кодэкс з новага году ў беларусаў зьявіцца магчымасць атрымаць выходны пры праходжаньні дыспансэрызацыі.
Людзей да 40 гадоў могуць вызваляць ад працы для праходжаньня мэдагляду на адзін дзень раз на тры гады, з захаваньнем заробку, старэйшых за 40 гадоў — штогод, на адзін дзень. Жанчын, старэйшых за 53 гады, і мужчын, старэйшых за 58 гадоў, — на два дні штогод.
Сацыяльныя адпачынкі і магчымасьць падзяліць адпачынак больш, чым на 2 часткі
Зьмяненьні ў працоўным заканадаўстве цяпер дазволяць узяць тры аплатныя дні сацыяльнага адпачынку ў выпадку шлюбу, нараджэньня дзіцяці.
Папраўкі ў Працоўны кодэкс прадугледжваюць яшчэ некаторыя льготы для шматдзетных бацькоў і тых, хто выхоўвае дзіця-інваліда: з 2024 году яны змогуць на выбар узяць дадатковы выходны раз на тыдзень або скараціць працоўны дзень на гадзіну. Цяпер у іх ёсьць права на штотыднёвы дадатковы выходны.
Новаўвядзеньне па скарачэньні працоўнага дня закране і тых, хто працуе няпоўны дзень. Калі работнік, напрыклад, заняты ў арганізацыі на 0,5 стаўкі 4 гадзіны ў дзень, яго працоўны перадсьвяточны дзень зьменшыцца на 30 хвілін.
Таксама абноўленае працоўнае заканадаўства дазволіць беларусам дзяліць адпачынак больш чым на 2 часткі. Праўда, адна зь іх усё ж павінна быць ня менш за 14 дзён.
Павышаны транспартны падатак
На некаторыя аўтамабілі з 2024 году давядзецца плаціць павышаны транспартны падатак: ён будзе ў 10 разоў перавышаць стандартную стаўку. Гэта тычыцца аўтамабіляў, з году выпуску якіх прайшло ня больш за 3 гады, уключаных у пералік «транспартных сродкаў павышанай камфортнасьці», які вызначае Савет міністраў.
Мяркуецца, што ў гэты пералік уключаць люксавыя мадэлі аўтамабіляў марак «Бэнтлі», «Ролс-Ройс», «Лексус», «Паршэ», «Мэрсэдэс», «Аўдзі», «БМВ», «Кадылак», «Джып», «Ленд Ровер», «Ягуар».
З прыняцьцем абноўленага Падатковага кодэксу стаўкі транспартнага падатку вырастуць агулам для ўсіх. Так, напрыклад, фізычным асобам за легкавы аўтамабіль вагой ня больш за 1,5 тоны ў 2024 годзе давядзецца заплаціць 66 рублёў замест 61 рубля цяпер.
Наколькі вырасьце транспартны падатак для ўладальнікаў розных відаў транспарту, можна паглядзець тут.
Павысяць падатак на арэнду жытла, падаткі для ўладальнікаў аграсядзібаў і рамесьнікаў
Падатковыя зьмены са студзеня 2024 году закрануць і тых, чыя дзейнасць зьвязаная зь нерухомасьцю, аграэкатурызмам або рамесьніцтвам.
Стаўкі падаходнага падатку для фізычных асобаў, якія здаюць жылыя памяшканьні (за кожны жылы пакой), садовыя домікі, лецішчы: да 47 рублёў у Менску (цяпер 43,90 руб.), у Менскім раёне і абласных цэнтрах — да 44 рублёў (плюс 2,8 руб.), у буйных гарадах — да 29 рублёў (цяпер — 27 руб.), у невялікіх райцэнтрах і пасёлках гарадзкога тыпу — да 21 рубля (замест 19,80 руб. цяпер).
Падымуць і стаўку збору з уладальнікаў аграсядзібаз. Цяпер яна складае 37 рублі, а з 1 студзеня 2024 году будзе 40 рублёў.
Крыху павысіцца і штомесячны збор рамесьнікаў: замест 6,5 рубля замест 6 цяпер.
Могуць падаражэць крэдыты
Нацбанк з 1 студзеня павышае разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Гэта азначае, што банкі могуць узьняць стаўкі па крэдытах. Чым меншыя рызыкі, тым ніжэйшыя стаўкі па крэдытах (пры іншых роўных умовах).
Па новых крэдытах у беларускіх рублях (акрамя льготных) разьліковыя велічыні стандартнай рызыкі ў 2024 годзе паднялі наступным чынам:
для юрыдычных асобаў — да 11,26% гадавых (у сьнежні 2023 году — 10,99% гадавых);
для фізычных асобаў — да 16,44% гадавых (у сьнежні 2023 — 15,25% гадавых).