З 1 студзеня 2024 году ў Беларусі на 3 рублі падвысяць базавую велічыню — да 40 рублёў. Адпаведную пастанову прыняў беларускі ўрад. У сувязі з гэтым вырастуць і памеры некаторых штрафаў, дапамогаў і стыпэндыяў.
Выданьне «Люстэрка» падлічыла, наколькі вырастуць розныя штрафы і выплаты.
Ад памеру базавай велічыні залежаць сацыяльныя выплаты (дапамога па беспрацоўі, іншыя выплаты беспрацоўным), абавязковыя адлічэньні ў рэспубліканскі бюджэт (дзяржаўныя пошліны ў ЗАГСе, БТІ, судах і іншых арганізацыях), штрафы, некаторыя падаткі і зборы (рамесны збор, падатак на сабак) і гэтак далей.
Як вырастуць некаторыя пошліны і выплаты
Пошліна за атрыманьне новага пашпарта складзе 40 рублёў (цяпер 37), за паскораную выдачу — яшчэ 40 рублёў.
Рэгістрацыя шлюбу таксама падаражэе да 40 рублёў, за скасаваньне шлюбу — да 160 рублёў (цяпер 148).
За рэгістрацыю ІП у 2024 годзе трэба будзе заплаціць 20 рублёў (было 18,5).
Да базавай велічыні прывязаная і дапамога па беспрацоўі. Яна ня можа перавышаць 2 базавыя велічыні. З 2024 году максымальны памер гэтай дапамогі складзе 80 рублёў (цяпер 74).
Як зьменяцца памеры штрафаў
Штраф за безьбілетны праезд у гарадзкім транспарце з 1 студзеня складзе ад 20 да 40 рублёў (цяпер — ад 18,5 да 37), у прыгарадным транспарце — 28 рублёў (цяпер 25,9), у міжгароднім — 40 рублёў (цяпер 37).
Штраф за шум у кватэры з 23.00 да 7.00 з 2024 году складзе да 1200 рублёў (цяпер — да 1110). За самавольнае пераплянаваньне бязь зьмены апорных канструкцый з наступнага году змогуць аштрафаваць на суму да 1200 рублёў, са зьменай апорных канструкцый — ад 1200 да 2000 рублёў (цяпер — ад 1110 да 1850).
За нецэнзурную лаянку будуць штрафаваць на суму ад 80 да 1200 рублёў (цяпер — ад 74 да 1110). Штраф за курэньне ў забароненых месцах — да 160 рублёў (цяпер — да 148), за курэньне ў дапаможных памяшканьнях шматкватэрных дамоў — да 1200 рублёў (цяпер — да 1110).
Расьпіцьцё алькаголю ці піва ў грамадзкіх месцах у 2024 годзе можа абысьціся ў суму да 320 рублёў (цяпер — да 296), а зьяўленьне на працы ў стане ап’яненьня — ад 40 да 400 рублёў (цяпер — ад 37 да 370).
За кіраваньне аўтамабілем без тэхагляду пры першым парушэньні на працягу году штраф складзе ад 40 да 120 рублёў (цяпер — ад 37 да 111), пры паўторным — ад 80 да 240 рублёў (цяпер — ад 74 да 222). Штраф за кіраваньне ў нецьвярозым стане ў 2024 годзе вырасьце да 4000 рублёў, калі ў крыві будзе да 0,8 праміле ўключна (цяпер — 3700). Калі ж знойдуць больш за 0,8 праміле, максымальны штраф — да 8000 рублёў (цяпер — да 7400).
Вырастуць штрафы і за перавышэньне хуткасьці. Пры перавышэньні ад 10 да 20 км/г штраф з 2024 году павялічыцца да 40 рублёў (цяпер 37), ад 20 да 30 км/г — да 120 рублёў (цяпер 111), больш за 30 км/г — да 400 рублёў (цяпер 370).
Калі перавышэньне зафіксавана аўтаматычнай камэрай, дык за перавышэньне ад 10 да 20 км/г штраф вырасьце да 20 рублёў, ад 20 да 30 км/г — да 80 рублёў, ад 30 да 40 км/г — да 160 рублёў, звыш 40 км/г — да 240 рублёў.
За няправільную паркоўку ў 2024 годзе трэба будзе заплаціць штраф да 40 рублёў (цяпер — да 37).
Штраф за выкіданьне сьмецьця з вакна машыны павялічыцца да сумы ад 40 да 80 рублёў (цяпер — ад 37 да 74).