Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект, які прадугледжвае «падатак на багацьце», Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні


Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

Дакумэнт прадугледжвае для шэрагу падаткаплатнікаў павелічэньне адлічэньняў у бюджэт, калі іх даход перавысіць вызначаную суму.

Распрацаваны Міністэрствам па падатках і зборах праект закону «Аб зьмяненьні Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь» прыняла 1 лістапада ў першым чытаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Законапраект на паседжаньні прадставілі міністар фінансаў Юры Селіверстаў і член пастаяннай парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах Сьвятлана Барташ, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

Дакумэнт прадугледжвае для шэрагу падаткаплатнікаў павелічэньне адлічэньняў у бюджэт, калі іх даход перавысіць устаноўленую суму. У заяве Палаты прадстаўнікоў гэта вызначана як «сыстэмныя меры па ўдасканаленьні падатковага заканадаўства і дасягненьні аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, не дапушчаючы зьніжэньня аб’ёму бюджэтных даходаў».

Сярод іншага прапануецца:

  • індэксаваць стаўкі падаткаў з улікам інфляцыі;
  • адмяніць выплату падатку на даданую вартасьць для індывідуальных прадпрымальнікаў па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг);
  • павялічыць стаўкі падатку на прыбытак для высокарэнтабэльных арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці з 20% да 25% пры атрыманьні прыбытку звыш 25 млн рублёў у год;
  • устанавіць стаўкі падаходнага падатку ў памеры 25% у дачыненьні да даходаў фізычных асоб звыш 200 тыс. рублёў у год;
  • павысіць падаходны падатак да 30% для індывідуальных прадпрымальнікаў, сукупны даход якіх перавысіў 500 тыс. рублёў;
  • дазволіць падатковы вылік выпускнікам устаноў адукацыі, якія накіроўваюцца на працу па разьмеркаваньні (у памеры мінімальнай заработнай платы на тэрмін да 7 гадоў);
  • павялічыць у 2–3 разы разьліковую цану квадратнага мэтра пры налічэньні падатку на нерухомасьць у дачыненьні да камэрцыйных плошчаў фізычных асоб звыш 200 квадратных мэтраў;
  • павялічыць у 10 разоў стаўкі транспартнага падатку па транспартных сродках падвышанай камфортнасьці, не старэйшых за тры гады з моманту выпуску.


Адзначана, што законапраект прадугледжвае ўвядзеньне паняцьця «адзіны маёмасны плацёж», які «ўяўляе сабой агульную суму падатку на нерухомасьць, зямельнага падатку і транспартнага падатку і будзе выплачвацца фізычнай асобай на адзін рахунак рэспубліканскага бюджэту».

Таксама ў дакумэнце прадугледжана забарона на дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў з прыбыткам звыш 500 тыс. рублёў. У гэтым выпадку «з наступнага каляндарнага году такі грамадзянін мае права працягнуць ажыцьцяўленьне дзейнасьці толькі ў статусе камэрцыйнай арганізацыі».

Чакаецца, што прапанаваныя зьмены ў Падатковы кодэкс усталююць «падатковую нагрузку ў 2024 годзе на ўзроўні 23,4% да ВУП».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG