Апэратар беларускага адрэзку нафтаправоду «Дружба» «Гомельтранснафта Дружба» здолеў апэратыўна дамовіцца з «Транснафтай» аб павышэньні тарыфу на транзыт нафты з Расеі. Па паўднёвым напрамку зь лютага ён вырасьце на 10,2% замест запытаных Менскам 14,5%, паведамляе «Коммерсантъ».
Як стала вядома «Коммерсанту», «Транснафта» ўзгадніла для «Гомельтранснафта Дружба» павелічэньне на 10,2% тарыфу на прапампоўку расейскай нафты па маршруце Унеча—Броды ў напрамку Вугоршчыны, Славакіі і Чэхіі ў 2024 годзе.
У «Транснефти» выданьню пацьвердзілі гэтую інфармацыю.
«Па выніках перамоваў зь беларускімі калегамі і аналізу разьлікаў мы прыйшлі да лічбы павелічэньня тарыфу па паўднёвай ветцы ў 10,2%, — паведаміў прадстаўнік кампаніі Ігар Дзёмін. — Па паўночнай ветцы, да Адамавай Заставы, расейскі транзыт адсутнічае, таму тарыфы на гэтым напрамку ня ў нашай кампэтэнцыі».
Узгадняць рост стаўкі на 43% па паўночнай ветцы «Дружбы», па якой нафта з Казахстану перапампоўваецца ў Нямеччыну, Беларусі давядзецца з Астаной.
- У сярэдзіне лістапада «Гомельтранснафта Дружба» прапанавала «Транснафце» індэксаваць тарыфы на транспартаваньне нафты па сваёй тэрыторыі ў Эўропу: для паўночнага адгалінаваньня нафтаправоду «Дружба», па якой зараз ідзе толькі казахстанская нафта, Менск прапанаваў павысіць тарыф на 43%, а для паўднёвай, па якой працягваюцца пастаўкі нафты з Расеі, — на 14,5%.
- У Мінэнэрга Казахстану ў адказ на гэта заявілі, што краіна выступае супраць прапановы Беларусі павысіць на 43% тарыф на транспартаваньне нафты па тэрыторыі рэспублікі і мае намер правесьці перамовы зь беларускім бокам.
- Улетку «Гомельтранснафта Дружба» прасіла аб яшчэ больш істотным падаражэньні транзыту — па абедзьвюх галінах у 1,8 раза. Такі варыянт не задаволіў Расею.
- Неабходнасьць росту тарыфаў Менск тлумачыць рэзкім зьніжэньнем прапампоўваньня пасьля ўвядзеньня санкцыяў супраць Расеі і адмовай Нямеччыны і Польшчы зь лютага 2022 году закупляць расейскую сыравіну. Паводле разьлікаў «Гомельтранснафта Дружба», грузаабарот па транзытных напрамках упаў амаль у пяць разоў у параўнаньні з 2022 годам.
- На наступны год аб’ём паставак з Казахстану ў Эўропу празь Беларусь захаваецца на бягучым узроўні: у сярэдзіне сьнежня Астана і Масква ўзгаднілі магчымасьць транспартаваньня па «Дружбе» ў Нямеччыну да 1,2 млн тон нафты ў 2024 годзе. Крыніца «Коммерсанта» адзначае, што Астана дапускала рост прапампоўваньня ў Нямеччыну празь Беларусь да 200 тысяч тон у месяц, але, мяркуючы па ўсім, адмовілася ад гэтай ідэі, улічваючы рызыкі, зьвязаныя зь верагодным ростам тарыфу на транзыт. Экспэрт ІРТПЭК Кірыл Радзівонаў адзначае, што пастаўкі казахстанскай нафты па паўночнай ветцы «Дружбы», хутчэй за ўсё, так і застануцца мінімальнымі.