Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Карпянкоў зьявіўся на вучэньнях з шаўронам з надпісам ПВК «Вагнэр»


Мікалай Карпянкоў на вучэньнях унутраных войскаў. Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС
Мікалай Карпянкоў на вучэньнях унутраных войскаў. Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС

Намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў быў заўважаны на вучэньнях унутраных войскаў зь нестатутным шаўронам «па матывах» ПВК «Вагнэра».

Унутраныя войскі апублікавалі фотасправаздачу з завяршэньня «пятага сэзону тактыка-спэцыяльнай падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам інструктараў з баявым вопытам».

На адным са здымкаў — Мікалай Карпянкоў з двума шаўронамі на куртцы: адзін — у выглядзе дзяржаўнага сьцяга Беларусі, другі — круглы, з надпісамі «Спэцназ УВ МУС» уверсе і PMC Wagner Group унізе (што значыць «ПВК Вагнэра»), у цэнтры шаўрона — белы чэрап у контуры межаў Беларусі.

«Дзякуй вам вялікі за тое, што спасьцігаеце гэтую ваенную навуку. Ідэя сумеснай падрыхтоўкі з братамі з Расеі насамрэч вельмі важная. Працэс нялёгкі, я бачу, як вы пераадольваеце сябе, нягледзячы на стомленасьць і ўмовы надвор’я. Затое, калі перад намі будзе стаяць баявая задача, да яе падыдзеце гатовымі ня толькі маральна, але фізычна і яшчэ больш прафэсійна», — сказаў на завяршэньні збору Мікалай Карпянкоў.

Па выніках чарговага курса баявой падрыхтоўкі вайскоўцам прысвоілі пазачарговыя званьні, уручылі нагрудныя знакі, аднаму з афіцэраў — крапавы бэрэт.

  • Ва ўнутраных войсках МУС Беларусі сёлета стварылі ўжо 7 новых падразьдзяленьняў спэцназу і два атрады добраахвотнікаў: «Рысь» і «Беркут» у Менску, «Тарнада» ў Аколіцы, што пад Менскам, «Шторм» у Берасьці, «Тайфун» у Горадні, «Буран» у Гомлі, «Цыклён» у Астраўцы, а таксама «Сьмерч» і «Гонар» зь ліку добраахвотнікаў і вэтэранаў. Карпянкоў раней казаў, што яны «дзякуючы інструктарам ПВК Вагнэра сумеснымі намаганьнямі прайшлі вельмі магутны курс баявой спэцпадрыхтоўкі».
  • 14 сьнежня расейскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла напісаў, што «ў Беларусі „вагнэры“ уступілі ў шэрагі спэцназу ўнутраных войскаў» і афіцыйна атрымалі прапіску на базе 3310 у Менску. Прэс-служба МУС тады публікавала кадры байцоў «Тарнада» ў зімовым камуфляжы на фоне сьцяга, падобнага да ПВК «Вагнэра», побач з чырвона-зялёным палотнішчам, але ніякіх афіцыйных паведамленьняў аб уваходжаньні байцоў ПВК «Вагнэра» ў шэрагі беларускага спэцназу не было.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG