Магілёўскага блогера Сабалеўскага арыштавалі на 10 дзён
Алеся Сабалеўскага затрымалі раніцай 12 сьнежня проста на працы. Як стала вядома @MAYDAYMog, на наступны дзень яго пакаралі адміністрацыйным арыштам.
Былога палітвязьня Плескацэвіча зноў асудзілі
У Берасьцейскім абласным судзе 11 сьнежня асудзілі былога палітвязьня Аляксандра Плескацэвіча паводле ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Андрэй Сіз прызначыў Аляксандру 1 год і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Першы раз Аляксандра Плескацэвіча затрымалі ўвосень 2021 году за надпіс на слупе чырвона-белымі літарамі «Сьвета, я вас кахаю», адрасаваны Сьвятлане Ціханоўскай. Тады мужчыну асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) на два гады «хіміі», а пазьней перавялі адбываць тэрмін у калёнію.
Свой тэрмін Аляксандар скончыў адбываць у лютым 2023 году. За за 4,5 месяца на волі (пакуль яго зноў не затрымалі 26 чэрвеня) у мужчыны правялі 8 ператрусаў. Акрамя ператрусаў, пасьля вызваленьня мужчыну двойчы затрымлівалі і судзілі за так званае «пікетаваньне», бо на доме, дзе жыве Плескацэвіч, «2 вакны і фасад маюць бел-чырвона-белую сымболіку». Першы раз яму прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту, другі раз 15 дзён.
Цяпер былога палітвязьня абвінавацілі ў нанясеньні «надпісаў нацысцкага характару» і свастыкі на сьцены будынкаў у вёсцы Куршынавічы Ляхавіцкага раёна. Сам Плескацэвіч на судзе віну не прызнаў.
Зноў затрымалі бацьку палітзьняволенага Мікіты Залатарова
Міхаіл Лапуноў раней правёў за кратамі 102 дні — яго 7 разоў запар арыштоўвалі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Цяпер, хутчэй за ўсё, мужчыну зноў арыштавалі, піша «Вясна».
Сын Лапунова, Мікіта Залатароў, — адзін з наймаладзейшых палітвязьняў, затрыманых у выніку пратэстаў 2020 году. Агульны тэрмін пакараньня для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калёніі.
У лістападзе тэлеграм-чат «Гомель за Никиту Золотарева» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У рашэньні КДБ было пазначана, што дачыненьне да яго нібыта мае бацька Мікіты — Міхаіл Лапуноў.
Затрыманьне ў Горадні
У Горадні затрымалі супрацоўніка дзяржаўнага прадпрыемства нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што прычынай затрыманьня стаў фатаздымак з дазволеных менскага мітынгу і канцэрту, прысьвечаных 100-годзьдзю БНР, паведамляе «Вясна».
ГУБАЗіК затрымаў жыхара Лошыцы
Паводле сілавікоў, мужчына нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і «нацысцкую сымболіку», падтрымліваў «нэанацызм ва Ўкраіне» і чакаў, «калі каліноўцы прыйдуць вызваляць Беларусь».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманы — 36-гадовы мянчук Сяргей Кудзін.
Завялі крымінальную справу за абразу памерлага намесьніка начальніка Шчучынскага РАУС
Паводле інфармацыі «Гродна-Лайф», сілавікі пачалі затрымліваць за камэнтары ў сувязі са сьмерцю намесьніка кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўніка Сяргея Асавіка. Той памёр на працоўным месцы.
Пакуль паведамляюць пра аднаго затрыманага. Супрацоўнікі ўпраўленьня ў Горадзенскай вобласьці ГУУБ МУС затрымалі за абразьлівыя камэнтары 42-гадовага мужчыну. Сілавікі адзначылі, што гэта не адзіны падобны камэнтар.