Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязьняў, — праваабаронцы


Мікіта Залатароў у залі суду, архіўнае фота
Мікіта Залатароў у залі суду, архіўнае фота

20 лістапада адзначаецца Сусьветны дзень дзіцяці, прымеркаваны да прыняцьця Дэклярацыі і Канвэнцыі правоў дзіцяці. У Беларусі за іншадумства перасьледуюць нават падлеткаў.

У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязьняў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Гэта Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандар Вінярскі, Павал Піскун, Алег Дабрыднеў, Арцём Вайцяховіч і Мікіта Бруй. Усе яны былі непаўналетнімі на момант затрыманьня, а пасьля асуджаныя на пазбаўленьне волі, піша Позірк.

Згодна з клясыфікацыяй Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, падлеткавы ўзрост — 10–19 гадоў.

«З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманьне і крымінальны перасьлед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўналетніх нават білі і катавалі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Асабліва вядомая гісторыя — Мікіты Залатарова, якога затрымалі 11 жніўня 2020 году, калі яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопца прыгаварылі да 5 гадоў у выхаваўчай калёніі ў рамках крымінальнай справы аб «кактэйлях Молатава». Пасьля абвяшчэньня прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка. Ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!» Пазьней на маладога чалавека завялі яшчэ адну крымінальную справу — за «гвалт або пагрозу прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

У пачатку жніўня 2022 года стала вядома, што рэжым утрыманьня палітвязьня зьмянілі на строгі, яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 (Менская вобласьць). Канчатковы тэрмін зьняволеньня — 4,5 года.

Залатароў, які хварэе на эпілепсію, неаднаразова скардзіўся бацьку на катаваньні, у прыватнасьці на ўжываньне электрашокера. Затым рэжым Лукашэнкі пачаў перасьледаваць і бацьку палітвязьня, па чарзе прызначыўшы яму некалькі арыштаў на 15 сутак.

Агулам на сёньня ў Беларусі 1447 палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG