Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 сьнежня: у Гомлі затрымалі студэнта; у Наваполацку асудзілі пратэстанцкага пастара


Кастусь Тэнц
Кастусь Тэнц

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. 

Затрымалі студэнта гомельскага ўнівэрсытэту Кастуся Тэнца, які арганізоўваў беларускія імпрэзы

Затрыманьне, імаверна, адбылося 8 сьнежня, паведамілі «Палескай Вясьне» аднакурсьнікі Кастуся. Прычыны невядомыя. Пры гэтым ужо пасьля затрыманьня нехта заходзіў на ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» .

Кастусь родам з Рэчыцы. Яшчэ ў дзяцінстве быў вядомы там сваімі перамогамі ў розных відах спорту. У 2019 годзе зацікавіўся беларускай мовай. Наведваў курсы «Мова нанова» ў Рэчыцы. Перайшоў сам на беларускую мову. Пасьля паступіў у БелДУТ.

Як расказалі аднакурсьнікі Кастуся, ва ўнівэрсытэце ён часта ладзіў акцыі для папулярызацыі беларускай мовы — віктарыны, дыскатэкі зь беларускімі песьнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясьціны выдатных дзеячоў.

У Наваполацку асудзілі пратэстанцкага пастара і служку царквы

11 сьнежня ў Наваполацку затрымалі пастара пратэстанцкай «Царквы Валадарства Божага» Аляксандра Герасімовіча і служку гэтай царквы, мясцовага паэта Вадзіма Сафонава, даведалася з сацсетак «Наша Ніва».

12 сьнежня над абодвума мужчынамі прайшоў суд, ім прысудзілі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У пастара Аляксандра Герасімовіча сямёра дзяцей, у Вадзіма Сафонава — трое дзяцей, адно зь якіх хворае на аўтызм.

Вырак за пратэсты ў Жлобіне 2020 году

У судзе Жлобінскага раёну 23 лістапада асудзілі Ўладзіслава Корзуна паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Судзьдзя Сьвятлана Рубахава прызначыла Ўладзіславу два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну трымалі пад вартай з 8 верасьня. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 9 жніўня 2020 году і выхадзе на праезную частку.

Уладзіслаў мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю, гадуе дваіх непаўналетніх дзяцей. Працаваў прадаўцом у індывідуальнага прадпрымальніка.

Суд у Берасьці пакараў мясцовага жыхара 1 годам калёніі за абразу Лукашэнкі

Маскоўскі суд Берасьця вынес вырак Ўладзімеру Лук’янчуку — 1 год калёніі з абвінавачаньнем у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), піша «Берасьцейская вясна». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, паседжаньне было 7 сьнежня.

Абразай суд палічыў камэнтар Лукʼянчука, напісаны 8 верасьня 2023 году. У ім ён назваў Лукашэнку «„балаболам“ у мацернай форме».

Паведамленьне ён пакінуў у «Чаце барадача», які раней зьвязвалі з праўладным блогерам Аляксеем Голікавым. 16 кастрычніка 2023 году гэты чат унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — неўзабаве пасьля гэтага ён быў выдалены, дадае «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG