Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складана на Балканах, найпрасьцей у Польшчы. Як беларусы легалізуюць народжаных за мяжой дзяцей


Немаўля. Ілюстратыўнае фота
Немаўля. Ілюстратыўнае фота

У верасьні набыў моц указ Лукашэнкі «аб пашпартах». Гэта значна абцяжарыла жыцьцё беларусаў у эміграцыі. Яшчэ адзін бок праблемы — нараджэньне дзіцяці за мяжой.

Многія беларусы праз палітычны перасьлед ня могуць ехаць на радзіму, каб аформіць пашпарты і даверанасьці. У складанай сытуацыі апынуліся тыя, у каго дзеці нарадзіліся ўжо за мяжой.

Пераехалі ў Сэрбію, бо страцілі надзею на перамены ў Беларусі

Беларус Міхаіл з жонкай і траімі малымі дзецьмі ў жніўні 2022 году пераехалі жыць у Сэрбію. Да пераезду актыўна ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці. Міхаіл кажа, што быў назіральнікам на выбарах у 2020 годзе, пазьней зьбіраў подпісы за адкліканьне дэпутата, дапамагаў матэрыяльна аднаму з фондаў. Працаваў у прыватнай школе. Але ўлетку 2022 году школу, як і многія прыватныя ўстановы адукацыі, закрылі. Міхаіл застаўся бяз працы.

Ён кажа, што Сэрбію сям’я выбрала таму, што туды ня трэба была віза. Летам 2022-га візу ў Польшчу ці Літву зрабіць было складана, а праз пасярэднікаў — дорага. Тым больш для сям’і зь пяці чалавек.

«Мы страцілі надзею, што ў Лукашэнкі скончацца грошы ці яшчэ што, што будуць перамены. Тым больш пасьля лютага 2022 году, калі пачалася паўнавартасная вайна ва Ўкраіне», — тлумачыць прычыны пераезду Міхаіл.

Каб даехаць да Сэрбіі, ён зь сям’ёй атрымаў нямецкія візы — праз запрашэньне зь Нямеччыны ад сваякоў. «У Нямеччыну мы не маглі паехаць з той прычыны, што, калі б я запрасіў прытулак там, то сваякі, якія рабілі мне запрашэньне, мусілі бы аплачваць усе нашы выдаткі», — тлумачыць суразмоўца.

У Сэрбіі, як кажа Міхаіл, сям’я ўжо абжылася. У горадзе Ніш, дзе спыніліся беларусы, недарагая арэнда кватэр. Міхаіл працуе рэпэтытарам онлайн, аформіў сваю дзейнасьць накшталт беларускага індывідуальнага прадпрымальніка, плаціць падаткі.

Эпапэя з пашпартам для малодшай дачкі


У Сэрбіі ў Міхаіла з жонкай улетку 2023 году нарадзілася малодшая дачка. Ён кажа, што пашанцавала, бо была страхоўка, таму за шпіталь і роды яны не плацілі. Далей пачалася «эпапэя» з атрыманьнем пашпарта для дачкі.

«Яшчэ да ўказу Лукашэнкі з амбасадай Беларусі ў Сэрбіі было ня ўсё добра. Яны не разумелі, як аформіць дачцэ пашпарт, настойліва адпраўлялі нас у Беларусь. Потым у амбасадзе знайшлі нейкую працэдуру. Я падаў дакумэнты. Яны прынялі. Мы пачалі чакаць пашпарт. Пазьней там патлумачылі, што могуць даць не пашпарт, а дазвол на пражываньне за мяжой. І так уся справа спынілася. Потым з амбасады не было адказу — ні «так», ні «не». Цяпер у Сэрбіі зьмяніліся дыпляматы, так што наагул невядома, што будзе далей«,— тлумачыць Міхаіл.

Ён кажа, што ў 2025 годзе скончацца пашпарты ў старэйшых дзяцей, але пакуль гэтая праблема «адкладзеная». Усе ў сям’і Міхаіла атрымалі часовы дазвол на жыхарства ў Сэрбіі, апроч малодшай дачкі, якая ня мае пашпарта.

Суразмоўца гаворыць, што шанцаў атрымаць прытулак у Сэрбіі вельмі мала. Бо ў краіне яго даюць у асноўным тым замежным грамадзянам, у краінах якіх ідуць войны.

Міхаіл стварыў пэтыцыю да сэрбскіх уладаў.

У ёй беларусы Сэрбіі просяць даваць статус уцекача грамадзянам Беларусі, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпарта. А таксама даваць статус уцекача аднаму з бацькоў дзіцяці, якое нарадзілася ў Сэрбіі, каб дзіця магло атрымаць законны статус. У пэтыцыі беларусы таксама тлумачаць палітычную сытуацыю ў краіне і чаму яны ня могуць вярнуцца на радзіму цяпер.

Па словах Міхаіла, ён не мае вялікай надзеі на пэтыцыю, бо ў Сэрбіі набліжаюцца выбары. Але ён, як і іншыя беларусы, мусіць шукаць шляхі вырашэньня праблемы.


Што ў Польшчы з нованароджанымі дзецьмі ў беларусаў

Беларуска Ганна (імёны герояў зьмененыя — РС) нарадзіла дзіця ў Польшчы. Яна кажа, што ня мела праблем з легалізацыяй.

«У мяне больш за год ёсьць міжнародная абарона ў Польшчы. Туды ж, у адміністрацыю па справах замежных грамадзян, я падала дакумэнты на дзіця. Менш чым празь месяц я атрымала станоўчае рашэньне. Гэта значыць, што неўзабаве дзіця атрымае часовы дазвол на жыхарства. І будзем рабіць дачцэ „праязны дакумэнт“. Гэтага нам хопіць для жыцьця ў Польшчы», — кажа Ганна.

Яна дадала, што нараджала ў дзяржаўнай клініцы, бясплатна. Прымала роды лекарка зь Беларусі.


Марына нарадзіла ў Польшчы ў лютым 2023 году, яшчэ да «пашпартнага ўказу». Пашпарт дзіцяці было складана зрабіць, для гэтага трэба было сабраць шмат розных дакумэнтаў.

«Давялося ехаць у Беларусь. Так, была рызыка. Але што было рабіць? Муж сабраў дакумэнты, рызыкнуў і зьезьдзіў, прычым давялося езьдзіць два разы. Але зрабіў пашпарт дзіцяці», — кажа Марына.

Беларуска Паліна жыве ў Беластоку. Тут жа ў яе нарадзілася дзіця.

«Але мой муж-беларус атрымаў нядаўна польскае грамадзянства, бо меў „карту паляка“. Таму ў мяне не было пытаньняў зь легалізацыяй дзіцяці», — кажа Паліна.

Бяз права наведваць Беларусь

Беларус Кірыл з 2020 году жыве ў Вялікай Брытаніі, куды прыехаў разам з жонкай-украінкай. У 2022 годзе ў сям’і нарадзілася дачка.

«Я і яна (жонка. — РС) атрымалі статус уцекачоў тут яшчэ ў 2020 годзе. Бо жонка ішла ў маім „кейсе“. У 2022 годзе ў нас нарадзілася дачка. Без праблем атрымалі сэртыфікат аб нараджэньні. Яна ўжо мае ўкраінскі пашпарт. Праўда, чакалі яго доўга — больш за восем месяцаў, бо наплыў уцекачоў з Украіны», — тлумачыць Кірыл.

Ён і жонка маюць «праязныя дакумэнты», зь якімі ўжо падарожнічалі па сьвеце. Такі ж дакумэнт, як і біямэтрычнае пасьведчаньне, Кірыл плянуе зрабіць сваёй дачцэ.

«Да лета зраблю ўсе дакумэнты. Тады акурат дачка падрасьце і зможам паехаць, скажам, на мора ў Італію», — дадаў Кірыл.

Па праязным дакумэнце ён мае права наведваць шмат якія краіны, але адна з «забароненых» — Беларусь. «Але ж туды я дакладна не зьбіраюся», — кажа суразмоўца.

Ён зазначыў, што ня мае патрэбы зьвяртацца да беларускіх уладаў. Пра «пашпартны ўказ» беларус чуў. Кажа:

«Ну гэта проста ненармальнае нешта. Неўзабаве будзе прыгоннае права».

Грамадзянства паводле «права зямлі»

Ёсьць дзяржавы, грамадзянінам якіх можна стаць па «праве зямлі». Гэта значыць, што калі чалавек нараджаецца тут, то аўтаматычна робіцца грамадзянінам гэтай краіны. Ня менш за 35 краін сьвету практыкуюць такое заканадаўства. Такі закон, напрыклад, у ЗША.

Журналістка Вольга Чайчыц зьехала з мужам і дваімі дзецьмі ў ЗША ў 2019 годзе. Яны папрасілі там палітычнага прытулку. У 2021 годзе ў іх нарадзіўся сын Міраслаў.

Вольга Чайчыц
Вольга Чайчыц

«Ён атрымаў грамадзянства ЗША. Ніякіх праблемаў не было. Тут усе дзеці, якія нараджаюцца, атрымліваюць і грамадзянства, і ўсе правы грамадзян ЗША. Паколькі мы ня маем ніякіх стасункаў зь дзяржавай Беларусь, гэты „пашпартны ўказ“ ужо не ўплывае аніяк на нашу канкрэтную сям’ю», — патлумачыла ў камэнтары Свабодзе беларуска.

Яны цяпер знаходзяцца ў статусе чаканьня атрыманьня палітычнага прытулку. Гэтая працэдура даволі доўгая па часе.

«Мы знаходзімся пад абаронай ЗША, але пакуль ня маем статусу ўцекачоў. Мы маем магчымасьці працаваць, іншыя магчымасьці, хіба толькі ня можам галасаваць», — дадала Вольга.

Пісьмовая камунікацыя з чыноўнікамі

Пра сытуацыю з маленькімі беларусамі за мяжой Свабода пагаварыла з юрыстам, кіраўніком юрыдычнай фірмы Legal Status Алесем Міхалевічам. Ён нагадаў, што пры адсутнасьці перасьледу з боку беларускіх уладаў ці небясьпекі адзін з бацькоў можа паехаць у Беларусь, каб зрабіць дзіцяці пашпарт.

У выпадках, калі ніводзін з бацькоў ня можа паехаць у Беларусь, юрыст раіць падаваць заявы на атрыманьне статусу ўцекача. Але што рабіць у такіх краінах, як Сэрбія ці Чарнагорыя, дзе атрымаць гэты статус беларусам складана?

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Статус уцекача даецца ня толькі з прычыны таго, што ў тваёй краіне ідзе вайна. Міжнароднае заканадаўства пералічвае розныя прычыны. І многія міжнародныя прававыя акты падпісалі такія краіны, як Сэрбія ці Чарнагорыя. Другое пытаньне, што атрымаць такі статус у Сэрбіі цяжка, шанец блізкі да нуля. Але пайсьці ў працэдуру падачы можна. Я настойліва раю беларусам, якія жывуць за мяжой, пераводзіць камунікацыю з чыноўнікамі ў пісьмовую плоскасьць.

Бо на словах чыноўнікі, як і нашы, беларускія, могуць сказаць што заўгодна. Беларускія чыноўнікі „футболілі“ тых жа сырыйцаў, якія зьвярталіся па статус уцекача. Але калі сырыйцы пачалі пісаць заявы, падключылі Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў, то была іншая справа. Калі людзі пачынаюць аргумэнтавана пісаць, падключаць міжнародныя структуры, чыноўнікі рэагуюць па-іншаму», — тлумачыць Алесь Міхалевіч.

Ён дадаў, што амбасады Беларусі і цяпер могуць выдаць «даведку на вяртаньне» (дакумэнт, які дазваляе вярнуцца ў Беларусь бяз пашпарта, альбо з пратэрмінаваным дакумэнтам. — РС). На практыцы гэтым можна скарыстацца, каб паспрабаваць «замацавацца» у транзытнай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG