Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З дэпартацыяй і забаронай на ўезд на 5 гадоў». Беларуска расказала СМІ, як ёй і яе знаёмым адмовілі ў падаўжэньні ДНЖ у Альбаніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускім эмігрантам сталі адмаўляць у падаўжэньні дазволу на жыхарства ў Альбаніі і забараняць уезд у краіну, піша «Салідарнасьць». Сама меней трое беларусаў пацьвердзілі выданьню гэтую інфармацыю.

Усе гісторыі прыкладна аднолькавыя: эмігранты купілі нерухомасьць і адкрылі бізнэс у Альбаніі, пасьля чаго атрымалі ня проста адмову ў падаўжэньні ДНЖ, але забарону на ўезд у краіну тэрмінам на 5 гадоў.

«Мне паставілі адмову з дэпартацыяй на працягу 30 дзён і забаронай на ўезд тэрмінам на 5 гадоў. Прычынай, па словах перакладчыка, зь якім я была, стала тое, што ўрад Альбаніі нібыта падазрае мяне ва ўтойваньні нейкай інфармацыі ці ў падачы няправільнай інфармацыі.

Дакумэнта з абгрунтаваньнем адмовы мне, як і астатнім, каму адмаўлялі з гэтай жа прычыны, на рукі не аддалі. Рашэньне на працягу 14 дзён можна абскардзіць у судзе», — расказала выданьню беларуска, якая з палітычных прычынаў пераехала ў Альбанію і купіла там кватэру.

На суды, па словах жанчыны, спадзеву мала. Яе знаёмыя беларусы, якія атрымалі адмову ў лістападзе 2022 году, падалі ў суд і судзяцца дагэтуль. За судовыя выдаткі яны заплацілі ўжо каля 10 тысяч эўра, але рашэньне так і ня вынесена, кажа беларуска. Паводле яе, судзіцца ў Альбаніі можна «да бясконцасьці», праўда, увесь гэты час можна легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны і нават працаваць.

Па словах жанчыны, яна ведае беларусаў, якія пражылі ў Альбаніі пяць гадоў і падавалі заяву на пастаяннае месца жыхарства, але ім прыйшла адмова і рашэньне пра дэпартацыю. Яшчэ адны знаёмыя беларускі атрымалі ДНЖ па нерухомасьці, але праз год яго не працягнулі — таксама з дэпартацыяй.

«Наагул толькі ад нашых знаёмых нам вядома пра 8 выпадкаў адмовы менавіта беларусам», — кажа жанчына.

Паводле яе, адмаўляць беларусам, як і расейцам, пачалі крыху больш за год таму, ніякіх папярэджаньняў не было.

Прычыны, зь якіх беларусам сталі адмаўляць у прадаўжэньні ДНЖ, афіцыйна не называюцца, але беларуска выказвае здагадку, што гэта зьвязана з дапамогай рэжыму Лукашэнкі Расеі ў вайне супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG