Пра тое, што Лукашэнка падпісаў новы ўказ, які значна абмяжоўвае правы і магчымасьці беларусаў, што жывуць за мяжой, стала вядома 5 верасьня. Дакумэнт ужо апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, ён набудзе моц 7 верасьня. Аб тым, чаго канкрэтна ён датычыць, і як будуць працаваць консульскія пляцоўкі Беларусі за мяжой, пакуль не да канца разумеюць нават у саміх консульствах. Свабода пагутарыла з беларусамі Польшчы, Нямеччыны, Грузіі і Літвы, інтарэсы якіх указ закрануў непасрэдна.
«Літаральна месяц заставаўся да прыёму ў консульстве!»
Беларус Міхаіл (усе імёны зьмененыя з прычын бясьпекі. — РС) жыве ў польскім Гданьску. У яго неўзабаве скончыцца пашпарт. Таму Міхаіл загадзя запісаўся на прыём у консульства ў Варшаве.
«Але там сказалі, што будуць ня новы пашпарт даваць, а гэты працягнуць. Але з такім пашпартам ня выедзеш нікуды, толькі па Польшчы можна катацца. Можна было зрабіць «праязны дакумэнт», але яго даюць толькі тады, калі пашпарт «скончыўся», а не «падоўжаны», — кажа Міхаіл.
Ягоны дазвол на жыхарства (зроблены па працы) дзейны да наступнага году.
«Налета трэба зноў падавацца на „карту побыту“, дазвол на жыхарства. А яго даюць толькі пры дзейным пашпарце. Плюс да ўсяго, я пасьля пераезду зь Беларусі пакінуў на сястру генэральную даверанасьць на маёмасьць. Яна афармлялася на тры гады. Вось яны заканчваюцца, новай я не аформлю. Хацеў бы паехаць у Беларусь, але родныя мяне адгаворваюць», — дадаў Міхаіл.
«Дзіцяці ў Беларусі не рабілі пашпарт на доўгі тэрмін»
Надзея з мужам і дачкой выехалі з радзімы з палітычных прычынаў у 2021 годзе. Яны жывуць у Літве на падставе гуманітарнага часовага дазволу на жыхарства. Надзея кажа, што трохі рыхтаваліся да эміграцыі, таму зрабілі новыя пашпарты — ёй і мужу.
«Дачцэ, як бы мы ні хацелі, мы не маглі зрабіць пашпарт зь вялікім тэрмінам. Бо дзецям у 10 гадоў абавязкова трэба зьмяняць пашпарт. І вось дачцэ налета будзе 10. Мы загадзя патэлефанавалі ў консульства, улетку. Запыталіся, як нам зьмяніць пашпарт дачцэ Там адказалі, што тэлефануйце ў верасьні, у нас будзе запіс. І вось верасень — і гэты ўказ! Супадзеньне ці яны загадзя ведалі?» — разважае Надзея.
Такія дзеяньні ўлады яна называе «дробнымі кпінамі» і зьдзекам. Суразмоўца дадае, што ў Літве можна аформіць «праязны дакумэнт». Але той робіцца на падставе дзейнага дазволу на жыхарства, яго трэба штогод падаўжаць.
«Будзем, відаць, падаваць дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекачоў, каб мець „жэнэўскі пашпарт“», — кажа беларуска.
Надзея дадала, што за тры гады эміграцыі ў яе засталася адзіная сувязь з дзяржавай — беларускі пашпарт. «Цяпер мы такіх стасункаў пазбаўленыя», — зазначыла Надзея.
Зь Літвы яна аформіла даверанасьць на маці, якая ў Менску, на ўгоду з кватэрай.
«Але маці „разьвярнулі“ з даверанасьцю яшчэ ў жніўні, сказалі, што мы „ня хочам прымаць даверанасьць, зробленую ў Літве“. Мы рабілі новую. Але цяпер ня ведаю, што будзе. Такія дзеяньні ўлады выклікаюць ужо ня злосьць, а агіду. Нібыта нехта пры табе гадзіць і размазвае гэта вакол, і ты мусіш гэта трываць», — дадала Надзея.
«Наша спадчынная кватэра цяпер завісла»
Кацярына жыве ў Літве пасьля падзей 2020 году. Яна, муж і дзеці маюць дазвол на жыхарства і статусы ўцекача. У Жлобіне ў іх засталася кватэра, якая перайшла як спадчына.
«Муж вырашыў яе прадаць. Каб зрабіць даверанасьць, мусіў ехаць у Латвію, бо ў беларускім консульстве ў Літве былі вельмі доўгія чэргі. Аформілі, заплацілі 100 эўра. Перадалі паперы ў Беларусь. Там пачаўся падрыхтоўчы працэс, да продажу. Замовілі генэральную прыборку кватэры. Заплацілі 200 эўра за тое, каб мужа прапісалі часова на іншы адрас. Цяпер — усё?» — кажа Кацярына.
Яна дадала, што цяпер плача, а муж злуецца і праклінае ўладу.
«Я маю „жэнэўскі пашпарт“, а хату хай забіраюць»
Беларус Аляксей жыве ў Літве, мае статус уцекача і так званы жэнэўскі пашпарт.
«Толькі ад Дэпартамэнту міграцыі я даведаўся, што мой беларускі пашпарт неўзабаве скончыцца. Паглядзеў — і праўда, 25 верасьня 2023 году. Напісаў у міграцыю: „Што мне рабіць?“. Яны адказалі, што нічога. „Калі хочаце падарожнічаць, то ў вас ёсьць „жэнэўскі пашпарт““. Ну я супакоіўся. Мне той беларускі пашпарт і ня трэба», — кажа Аляксей.
У Беларусі ў яго засталася хата. «Яшчэ раней я аформіў даверанасьць на тату. Але ён ня здолеў прадаць хату, бо яна ў глухой вёсцы. Ну хай забіраюць сабе», — дадаў суразмоўца.
«У консульстве сказалі ехаць у Беларусь»
Марыя жыве ў Грузіі з сынам. У яго налета скончыцца пашпарт. Яна пачала сёньня тэлефанаваць у амбасаду, але там, кажа, проста не здымалі слухаўку, аж да вечара.
«Увечары адказалі, што ўсё — ніякіх запісаў, ніякіх пашпартоў, едзьце ў Беларусь. Я кажу: „А каб я раней падалася?“. Яны адказалі, што ўсё роўна б нічога не атрымалася. Пакуль ня ведаю, што рабіць», — кажа беларуска.
Сытуацыя для яе пагоршаная тым, што сын цяпер ідзе ў першую клясу ў Грузію (навучальны год пачынаецца ў Грузіі 15 верасьня. — РС).
«Ехаць у Польшчу? Мы тут толькі-толькі пачалі прывыкаць. Яшчэ такое, што ў дзіцяці ў сакавіку скончыцца пашпарт і яму нават візы не паставяць, бо трэба, каб пашпарт быў „старэйшы“ за тры месяцы», — дадае Марыя.
У Беларусі ў яе засталіся «пазыкі» — падатак на аўтамабіль.
«Тата некалі аформіў на мяне, потым па маёй даверанасьці аддаў яго некаму на запчасткі. То бок фізычна аўтамабіля няма, але я мушу плаціць за яго падатак. Не магу зьняць з уліку, паводле новага ўказу», — кажа Надзея.
Яна кажа, што цяпер у роспачы і пакуль ня ведае, што рабіць.
«У Нямеччыне дазвол на жыхарства дзейнічае столькі, колькі дзейны пашпарт»
Алег Граблеўскі вымушана жыве ў Нямеччыне. Ён уцёк зь Беларусі бяз пашпарта. Зьвяртаўся ў амбасады розных краін. Нямеччына адказала, што «прыме» яго. Там атрымаў міжнародную абарону і па ёй — дазвол на жыхарства. Але выехаць нікуды за межы Нямеччыны ня можа.
«І ня толькі я. Калі што, нямецкія чыноўнікі кажуць нам, беларусам, так: „Давай пашпарт“. Яго няма. Тады яны: „Дык ідзі ў консульства сваё і рабі“. Але я не магу, я ж атрымаў міжнародную абарону тут, значыць, якія могуць быць кантакты з прадстаўнікамі беларускай улады, для якой я „зьбеглы злачынца“? Тады чыноўнікі патрабуюць паперку, што амбасада, консульства далі мне даведку, што яны адмаўляюць падоўжыць ці замяніць пашпарт. Калі няма такой даведкі, нямецкія чыноўнікі адмаўляюцца рабіць нейкія адміністрацыйныя працэдуры», — патлумачыў Алег.
Суразмоўца зазначыў, што ў розных землях (адміністрацыйныя падзелы ў Нямеччыне. — РС) па-рознаму. Сам ён жыве ў зямлі Брэмэн.
Алег згуртаваў 39 беларусаў, якія ня могуць зьвяртацца ў беларускую амбасаду, яны напісалі калектыўны зварот у Бундэстаг.
«Гэта было яшчэ да прыняцьця гэтага ўказу пра забарону атрымліваць пашпарты за мяжой. Бо для нас, беларусаў, праблема існавала і раней. Цяпер, бачыце, яшчэ і горш усё», — кажа Алег.
Ён нагадаў, што права на перамяшчэньне — базавае. І калі дзяржава Нямеччына дала людзям абарону, то, можа быць, паклапоціцца, каб людзі маглі перамяшчацца?
«Для гэтага ёсьць мэханізмы, але патрэбна палітычная воля. Бо мы ня маем статусу ўцекача, каб атрымаць „жэнэўскі пашпарт“. І многія беларусы ня могуць, ня хочуць ісьці ў амбасаду, бо баяцца. Нямецкія чыноўнікі жывуць тут „мірным жыцьцём“ і не разумеюць нашых праблемаў», — дадаў суразмоўца.
У звароце заяўнікі прапанавалі, як варыянт рашэньня праблемы, выдачу так званых «шэрых пашпартоў» («праязны дакумэнт іншаземца»). Адпаведны ліст накіраваны прадстаўніку камісіі Бундэстагу.
«Выскачыла зь Беларусі проста цудам!»
Наста жыве ў Польшчы. Мінулай зімой яна тэлефанавала ў консульства наконт замены пашпарта, але была вельмі доўгая чарга.
«Я хоць і была затрыманая ў 2020 годзе, але рызыкнула і паехала, каб зьмяніць пашпарт сабе і дачцэ. Зрабіла хутка, за тыдзень. Але за дзень да вяртаньня ў Польшчу мяне выклікалі ў фінансавую міліцыю Камітэту дзяржкантролю. Заявілі, што я ў 2020 годзе рабіла перавод на „экстрэмісцкі фонд“, 20 даляраў. Яны „прапанавалі“, каб я пералічыла 500 даляраў на дом-інтэрнат. Я паабяцала, толькі сказала, што столькі грошай я ня маю, буду часткамі пераводзіць. Перавяла 60 рублёў, паказала квітанцыю і назаўтра выехала», — кажа Наста.
Яна дадала, што супрацоўнікі фінансавай міліцыі тэлефанавалі ёй на Viber, патрабавалі, каб «даплаціла».
«Я кажу, што Беларусь пад санкцыямі і я з Польшчы не магу туды перавесьці грошы. Яны заявілі, што маюць эўрапейскі рахунак. Во як у іх усё робіцца», — дадала Наста.
У Беларусі ў яе засталася кватэра.
«Але цяпер, напэўна, усё. Я не змагу паехаць, каб прадаць яе», — зазначыла суразмоўца.